У кнігу ўвайшлі вэрлібры Андрэя Хадановіча, напісаныя ў 2004-2007 гг. падчас вандровак па Бэрліне, Варшаве, Кракаве, Братыславе і Менску.
"Тэрмін "бэрлібр" прыдумалі мае сябры Ўладзімер Арлоў і Марыйка Мартысевіч для маіх бэрлінскіх вэрлібраў. З таго часу я яшчэ пару разоў пабываў у Бэрліне дый іншых гарадах, дзе працягваў пісаць у азначаным жанры. Скончылася тым, што "бэрлібры" сталі прыдумляцца нават у Менску. Карыстаюся нагодай выразіць ўдзячнасьць свайму калегу па жывым дзёньніку _kum_, без дапамогі якога гэта кніжка зьявілася б значна пазьней, а таксама бэрлінскаму "Літаратурнаму Калёквіюму" й кракаўскай "Віле Дэцыюса", безь якіх гэта наогул была б зусім іншая кніжка".
Андрэй Валер’евіч Хадановіч — беларускі паэт, перакладчык, філолаг. Навучаўся ў школе № 113, потым у школе № 162. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1995) і аспірантуру БДУ па спецыяльнасці замежная літаратура (1999). Выкладае ў БДУ гісторыю французскай літаратуры. Выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Вядзе заняткі ў «Перакладчыцкай Майстэрні» пры Беларускім ПЭН-цэнтры і ў Школе маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. З 10 снежня 2008 да 5 лістапада 2017 года узначальваў Беларускі ПЭН-цэнтр, цяпер — сябра рады арганізацыі. Друкуецца ў часопісах «Arche», «Дзеяслоў», газеце «Наша Ніва». Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы.
Перакладае на беларускую мову з англійскай, польскай, рускай, украінскай, французскай. Піша вершы, лімерыкі.