Слухаў кнігу ў аўдыёфармаце. Класны раман!
Вельмі здзівіла, што ў пачатку 60-х яшчэ цалкам сур'ёзна займаліся справамі вайны. Следчыя шукалі былых паліцаяў і іх памагатых. Зразумела, што раман крыху ідэалістычны. Далёка не ўсіх рэабілітавалі і тым больш асудзілі вінаватых. Тых самых аскепкаў культу, як старшыня гарвыканкама ў творы. Яшчэ 15 гадоў таму сам святочна адкрываў помнік Сталіну, а тут ужо на сходзе працоўных прапануюць яго знесці. А яму цяжка, ён жа за дысцыпліну ды жорсткасць. Час ідзе, а такія людзі толькі на дно цягнуць, хоць і думаюць, што працуюць круглыя содні на карысць людзям. Калі твой светапогляд абмежаваны базавай ці сярэдняй адукацыяй, часамі вайны ці сталіншчыны, то і рашэнні твае будуць абмежаваныя. Хлопец з лыжамі ўсю праўду сказаў старшыні гарвыканкама ў канцы твора.
Вельмі яскрава і цікава апісаны часы акупацыі і праца падпольшчыкаў. Запомніўся момант, як немцы ставілі шыбеніцы: "Немцы спрытна закопвалі шыбеніцы. Па-нямецку добра зробленыя ў майстэрні і нават пафарбаваныя." У немцаў нават шыбеніцы прамысловай вытворчасці.
Здзівіла, як проста хірург Яраш падчас акупацыі забіў старшыню нямецкай паліцыі. Проста прыдушыў. Ніяк падчас твора ён не рэфлексаваў на гэтае забойства. Магчыма, былі і іншыя забойствы. Як піша аўтар, па рашэнні падпольнага суда. Хутка працавалі, прымалі рашэнні ды выконвалі іх, што да вайны, што падчас яе.
Не спадабаўся канфлікт Яраша з жонкай на глебе рэўнасці. Глупа неяк, што чалавек мусіць апраўдвацца за тое, чаго не рабіў. Брыдкая сітуацыя, але напэўна вельмі жыццёвая. Сітуацыя з сынам Шыковіча таксама непрыемная, але рэальная. Савецкі лад жыцця такіх не прымаў. Не сістэмны чалавек, адкрыты, імпульсіўны.
Шкада, што ў рэальнасці было мала такіх даследаванняў, як рабіў гэта Шыковіч у творы. Згубілі, не распыталі сведкаў падзей, каб яны распавялі праўду пра падполле. Узгадалі тых, пра каго не ведаем.
Пару цытат і момантаў, якія занатаваў. "Навучыся ты агуркі ды памідоры садзіць, а не людзей." "Дайце Менск", — сказаў ён у трубку. Цікава, што тэлефаністы напэўна доўга выкарыстоўвалі назву Менск.
23 кастрычніка 2024