What do you think?
Rate this book


48 pages, Hardcover
First published January 1, 2011
Падумалася пра красу тых мясцінаў на Беларусі
і на ўсім свеце, у якіх я не буду…
Yanka Bryl “З людзьмі і сам-насам”
Антон Францішак Брыль быццам стаіць у цені і свайго дзеда, і сучаснай беларускай літаратуры. У яго ўсяго адзін зборнік вершаў “Не ўпаў жолуд”, меней славы і інтерв’ю, чым у калег. Але мне падаецца, так здарылася, бо ён пазіцыяніруе сябе не як масавы ці народны паэт. За звыклымі слупочкамі з чатырох радкоў, класічнымі формамі вершаў, пейзажамі і назвамі “Восень” ці “Кастрычнік” хаваецца руплівая праца са старажытнарымскай паэзіяй, даследаваннямі казак і фальклору, беларускімі летапісамі часоў ВКЛ і старажытнаанглійскай літаратурай. Творчасць Антона Брыля можна параўнаць хіба што з фільмамі Нолана: і спадар Нолан, і Брыль-малодшы рупліва і старанна, з матэматычнай вытанчанасцю працуюць над кожным са сваіх твораў, выбіраюць цікавыя менавіта ім тэмы і не сочаць за меркаваннем і памерам сваёй аўдыторыі. Ім важнае толькі тое, каб іхнія творы былі цікавыя ім самім і тым, хто цікавіцца тым жа.
З-за такой руплівасці і стараннасці сваёй працы, вершы Антона Брыля хаця і лёгка чытаюцца і ўспрымаюцца (папулярны сярод сучасных паэтаў верлібр, напрыклад, увогуле адсутнічае ў “Не ўпаў жолуд”), але іх вельмі цяжка зразумець на ўсю іх глыбіню, якую заклаў аўтар. Гістарычны і краязнаўчы бэкграўнд Антона Брыля такі вялікі, такі розны і глыбокі, ён так стараецца “сабраць” з усіх вядомых яму вядомых і любых гістарычных і казачных элементаў нешта новае, што творы самому аўтару прыходзіцца суправаджаць разгорнутымі і падрабязнымі каментарамі. Вершы Брыля нібы самі становяцца казкамі і легендамі, міфамі, якія пераказвалі, дадаючы нешта сваё, пакаленні людзей, – яны набіраюць вельмі шмат слаёў, спасылак і алюзій на штосьці смутна вядомае, але і невядомае адначасова. Напрыклад, так адбываецца ў творы “Гольша” – міфічны эпізод з “Літоўскай хронікі”, традыцыйныя для казкі лекалы, вылучаныя Пропам, і “цяга да пераймання рымскіх нэатэрыкаў, з якой з’явілася жаданне напісаць як-небудзь міфалагічную паэму” спалучаюцца ў адзін мілагучны і загадкавы вершаваны твор пра князя-паляўнічага.
Але гэтая звышнасычанасць дасягненнямі іншых творцаў і іншых культур не вынішчае ў паэзіі Брыля аўтарскія вобразы і тэмы. Для яго паэзіі характэрныя тэмы смяротнасці, наканаванасці лёсу, атмасфера таямнічасці, восені, старажытных маёнткаў і лясоў, крыху блізкая да эстэтыкі “цёмнай акадэміі”. Апісанні і вобразы узаемадзейнічаюць з формай, ператвараючы яе ў дыялог (“Гінвіл”, “Снежань”), песню (“Корамні-дэлл”), адну з класічных формаў верша (“Простае восеньскае рандо”, “Сумны рандэль”) ці ў новую, вынайдзеную аўтарам (“Вігінтуна”), што ўзмацняе ўражанне ад прычытанага. Здаецца, што гэтым вершам не 10 ці 15 гадоў, а разоў у 40 болей. Аўтар імітуе легенды, спевы і паданні, выкарыстоўвае длінныя радкі, нязвыклую для сучаснай паэзіі рыфму і шмат алітарацыі, каб зымітаваць старажытнаанглійскія вершы, быліны ці проста сапраўды вусцішныя версіі нечага з караткевіча ці Баршчэўскага. Шмат вершаў зборніка, напрыклад, маюць вобраз ваяра ці невядомай пачвары, гэтае невядомае хаваецца на балоце ці з’яўляецца дзесьці побач з лірычным героем, забіваючы яго альбо наганяючы жудасці. Напрыклад, найбольш яскрава такі вобраз, цалкам характэрны для агульнай эстэтыкі вершаў Брыля, праяўляецца ў вершы “Відымін”:
Як яго прысніш уночы – лепей бы не спаў,
Бо ў яго такія вочы, Пане Божа збаў;
І грыміць зямля навокал, конь імчыць наўскач –
На руцэ ў героя сокал, у другой – карбач.
Антон Францішак Брыль сваім адзіным паэтычным зборнікам толькі задае лінію сваёй творчасці, сваіх інтарэсаў. Але гэтыя інтарэсы даволі гарманічна працягваюць лінію беларускай і сусветнай літаратуры і гісторыі. Паэт праз сваю руплівую працу па вывучэнні таго, што было да яго, ціха перакідвае мосцік са Старажытнага Рыма, ВКЛ ці Англіі VIII стагоддзя праз Шэкспіра, Караткевіча, Баршчэўскага і фальклор у сучаснасць. Яна, на яго думку патыхае таямнічымі мясцінамі, паветрам такім, “што нават у сне не прысніцца”, крыху смерцю і зямлёй. Брыль падымае з багны, зямлі і дна ракі ўсё мінулае і забытае і прыносіць у нашыя ўтульныя кватэры, чыстыя офісы і ціхія паркі, каб мы ўспомнілі, з чаго ўсё пачалося і чаму тое містычнае і старое патрэбнае нам зараз.