Maksim Harecki was a Belarusian prose writer, an activist of the Belarusian national-democratic renewal, folklorist, lexicographer, professor. Maksim Harecki was also known by his pen-names Maksim Bełarus, M.B. Bełarus, M.H., A. Mścisłaŭski, Dzed Kuźma, Macej Myška, Mizeryus Monus. In his works he often appeared as Kuźma Batura, Liavon Zaduma.
Мне вельмі спадабаўся гэты твор. Ён вельмі насычана перадае дух часу і апісвае абставіны пачатку дваццатага стагоддзя, калі пачалася Першая сусветная вайна. Аўтар вельмі трапна звяртае ўвагу на розныя дробязі, што дапамагае яскрава адчуць атмасферу таго часу. Такая дэталёвасць мне дужа спадабалася.
Ад апісанняў вайны засталося ўражанне поўнага хаосу. Які план, куды ідзем і што далей — мала хто ведае. Вакол толькі здагадкі: адны кажуць, што наступленне ідзе поўным ходам, іншыя — што бяжым і адступаем. Як з тым памежным значком паміж Прусіяй і Расійскай імперыяй: адзін дзень перайшлі яго, у другі дзень вяртаюцца назад. З забеспячэннем — бяда. Толькі снарадаў, здаецца, хапала ў першыя месяцы. Казённыя харчы — нейкая пахлёбка і маленькі кавалак мяса ў прыкуску. Салдаты бадзяюцца па ваколіцах у пошуках хлеба ды яек. Прыйшлі на новыя пазіцыі — адразу да мясцовых па правіянт. Спачатку набывалі за грошы — забіраць у мясцовых было не прынята. Але ўсё вельмі хутка скацілася да марадзёрства. Нават аўтар, будучы інтэлігентным і выхаваным чалавекам, ужо перастаў звяртаць на гэта ўвагу. Занадта многа таго марадзёрства стала.
Паміраць за радзіму мала хто хоча. Шмат хто шукае магчымасці, каб трапіць падалей ад фронту. Хтосьці пойдзе адводзіць раненага ў фельдшарскі пункт — і не спяшаецца вяртацца. Іншы марудзіць са сваім загадам, перадае інфармацыю ў тыл і доўга не вяртаецца. Салдаты пакрысе пачынаюць разважаць пра неабходнасць вайны. Як у адным з дыялогаў: "На чорта заступіліся за тых сербаў. Нам ад іх нічога, толькі кулю ў лоб". Ведаючы, як будуць разгортвацца падзеі станаўлення камунізму і ход Другой сусветнай вайны, вельмі незвычайна бачыць малебны перад боем ці падчас знаходжання ў лагеры. Калі параўноўваць тэхнічныя сродкі і быт арміі з ворагам, то розніца — прорва. У немцаў і пушкі далей страляюць, і аэрастаты вядуць разведку. У бліндажах — ложкі, падушкі, бялізна, з ежы — шакалад. Тут вельмі адгукнуўся момант з кнігі Алексіевіч У вайны не жаночы твар. Тое самае будзе і ў Другую сусветную.
Цікава было пабачыць, як працавала артылерыя ў тыя часы. Патрэбны быў назіральны пункт, дзе стаяў камандзір. Няпроста было выбраць месца для каманднага пункту: трэба, каб і бачна было добра, і каб скрытна. Уразіла праца тэлефаністаў, што звязвалі правадамі камандны пункт з батарэямі. На разводцы кабеля праца не спынялася. Потым трэба было агучваць каманды, прынятыя ад камандзіра па тэлефоне. А самае цяжкае — калі трэба было выбягаць з акопу, шукаць перабіты кабель і чыніць яго.
Бачна, што аўтару вельмі баліць за Беларусь. Ідучы па Прусіі, ён бачыць механічныя помпы каля калодзежаў, хаты, крытыя чарапіцай, добраўпарадкаваныя сядзібы. Задаецца пытаннем: калі ж мы так будзем жыць? Аўтар намагаецца пашырыць нацыянальную свядомасць у землякоў. Паказвае нумар Нашай Нівы, напісаны па-беларуску. Пытаецца ў землякоў, ці так у іх дома размаўляюць. "Дык гэта атрымліваецца, што мы можам быць паасобку, як народ", — даходзіць да думкі адзін з іх. Але ўсё ж баіцца, што будзем усе пад жыдамі, калі асобна жыць пачнём. Гэтая простая развага выклікала ў мяне добрую ўсмешку. У бацькоўскім доме была даволі жорсткая размова, што жыць так у брудзе болей нельга: у хаце беспарадак, пах жывёлы, няма талерак для кожнага. І, як кажа аўтар, застаецца толькі з’ехаць у мястэчка. Я не думаю, што так было ў кожнай вясковай хаце тых часоў, але безумоўна — у больш бедных рэгіёнах такі і быў быт.
З запісаў пра шпіталь уразіла, што аперацыя ў тыя часы была не менш рызыкоўнай справай, чым само раненне. Ад анастэзіі хлараформам магло і сэрца спыніцца. Аперацыя, як у аўтара, магла нічым і не скончыцца — аскепак так і не знайшлі. Але некаторыя рэчы былі і даволі прагрэсіўныя, як, напрыклад, усталёўка трубак дрэнажу. У цэлым склалася адчуванне, што да лячэння параненых ставіліся грунтоўна.
Мне вельмі спадабаўся твор. Асабліва ўразілі дэталі, з якімі аўтар апісаў падзеі імперыялістычнай вайны. Рэкамендую. Варта адзначыць, што аўдыёфармат зроблены вельмі ўдала: фонавыя гукі добра адпавядаюць падзеям.