Новая зямля — гэта гімн Беларусі і беларускага народа.
Я вельмі рэдка чытаю паэзію, але "Новая зямля" змяніла мой погляд і ставіны да гэтага жанру. Я атрымала асалоду, чытаючы твор пад пэўны рытм. Раней я не да канца разумела, у чым прыгажосць паэзіі. Ну нейкі верш пачытаць, ну можна. А як чытаць твор з нейкім сюжэтам? А з Новай зямляю я не магу ўявіць, як гэты твор чытаць прозаю.
У творы апісваецца звычайны беларус з галоўнаю мараю — мець сваю зямлю, працаваць на сябе і не хадзіць пад дурным і жорсткім панам. І гэтая мара застаецца актуальнай і сёння. Беларусы працягваюць шукаць той кавалачак зямлі, дзе яны самі сабе гаспадары, дзе іх не выганяць, дзе яны будуць адчуваць сябе ў бяспецы. І гэта сумна, што праз пакаленні мы ўсё яшчэ топчамся на тым самым месцы.
Мне вельмі спадабалася апісанне Панямоння ўзімку і ўлетку, вясной і восенню. Я ў які раз зразумела, што люблю Беларусь за тое, што тут ёсць 4 розныя пары са сваімі асаблівасцямі. Бачна, што аўтар сапраўды любіць гэтую зямлю. Я чую і бачу яго ў персанажах: у Антосю і Міхалу, у настаўніку і Костусю. І як высветлілася, Костусь — гэта і ёсць сам аўтар.
Ну і канец паэмы, канешне, моцны. Гэта напамін, што жыццё мімалётна. І не трэба адкладваць яго на заўтра. Мы не ведаем, колькі часу ў нас ёсць. І трэба жыць кожным момантам, што мы маем. Гэта гучыць заезджана, але ў творы яно не выглядае так. Там не кажацца пра гэта прама. Кожны робіць свае высновы. Але такі падтэкст ёсць.
Я не памятаю, каб мы праходзілі гэты твор у школе. Але можа, гэта і добра. Я радая, што прачытала яго ў дарослым узросце.