Кніга паказвае зараджэньне і станаўленьне грамадзянскага актывізму ў Беларусі — і асобу Алеся Бяляцкага як аднаго з найбольш яркіх яго прадстаўнікоў. Адкрывае чытачу Беларусь, што працягвае змаганьне за праўду, правы чалавека, за сваю культуру і незалежнасьць.
У выданьні выкарыстаныя ўспаміны Бяляцкага, апублікаваныя ў розных ягоных кнігах, публікацыі ў перыёдыцы, выступы на канферэнцыях, у судах, напісанае ў лістах на свабоду, у шматлікіх інтэрв’ю беларускім і замежным СМІ. Кніга таксама зьмяшчае выказваньні паплечнікаў Алеся. Гэта дыялог зь ім, даніна павагі нашаму сябру і калегу, магчымасьць сказаць яму «дзякуй». Гэта нашае яму «Жыве Беларусь!», пракрычанае з-за сьценаў турмы, на якое мы пачуем нязьменны адказ «Жыве!» — цьвёрды, са спакойнай і ўпэўненай усьмешкай.
Беларускі праваабаронца і грамадзскі дзеяч, пісьменнік. Аўтар эсэ, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў, прысьвечаных беларускаму нацыянальнаму руху. Увеў паняцце "турэмная літаратура" у сучасны белліт.
Шэраг твораў, якія Алесь напісаў падчас зняволення, лёг у аснову аўтабіяграфічных кніг: "Асьвечаныя беларушчынай", "Іртутнае срэбра жыцця", "Халоднае крыло радзімы".
Лаўрэат літаратурных прэмій: - Францішка Аляхновіча (2013, 2014); - Алеся Адамовіча (2013).
За выбітную дзейнасць у галіне абароны правоў чалавека неаднакроць вылучаўся на Нобелеўскую прэмію Міра, нарэшце, атрымаў яе ў 2022 г.
Доўга не хапала сілаў, каб усё ж такі ўзяцца за гэтую кніжку. Але пасля таго як пачаў, адарвацца ўжо было цяжка. Праглынуў амаль за адзін вечар.
Сказаць, што гэта важная кніжка ў наш час - вельмі банальна. Гэта зразумела кожнаму. Што мяне здзівіла і натхніла ў гэтай кнізе - гэта тое як расказваючы пра жудасныя моманты нашай гісторыі з другой паловы дзевяностых, пра плошчу 2010га Алесь не губляе надзеі у светлую будучыню для нашага народу. І прачытаўшы пра жыццёвы шлях Алеся, разумееш, што гэта не наіўны аптымізм. "Загляне сонца і ў наша аконца" не проста лозунг для падтрымання маральнага духу. Гэта глыбокае перакананнье з каранямі з дзяцінства. Перакананне, пранесенае праз гвалт, здекі з боку ўлады. Спачатку савецкай, потым лукашэнкаўскай калькай з савеччыны.
Жадаю кожнаму чалавеку пазнаёміцца бліжэй з Алесем праз гэтую кнігу.
Немагчыма было адарвацца ад кнігі Алеся. Кніга - гэта збор як урыўкаў ягоных кніг, так і інтэрв'ю. Выдадзеная, калі ён сядзеў за кратамі. Я ведала, што ён выбітны праваабаронца, але не ведала наколькі ён важная фігура для руха за беларушчыну.
Алесь - абсалютна цэласны чалавек, ён прысвяціў сябе Беларусі ў 19 год і так і застаўся верным. Падабаецца таксама як ён разважае і піша. Кніга падарыла мне такое натхненнье і каннэкт з папярэднімі пакаленьнямі. Усё, што мы бачылі ў 2020 ужо было і будзе наперадзе. Беларусь будзе вечна жыць і не загіне, таму што заўсёды ёсьць такія як Алесь, хто ўплывае на ўсё пакаленьне.