Толькі сямёра сяброў разумеюць, у якую багну ілжы абрынулася іх краіна, пад якім аўтакратычным прэсам і ў якой імгле гідкай прапаганды жывуць людзі. Гэтыя сямёра помняць: краіна некалі была іншай. І толькі сямёра ведаюць, што ў іх ёсць адзіны шанц вярнуць былую волю, былую праўду і былое шчасце. Але напачатку трэба выжыць тут, прыдумаць план і здзейсніць яго, каб трапіць у іншасвет, дзе знаходзіцца выйсце. Ці можна перамагчы зло без парушэння тваіх маральных прынцыпаў, калі яно, зло, дзейнічае па сваіх правілах? У якіх умовах мэта ўсё ж апраўдвае сродкі? Доўгі шлях у іншасвеце прымусіць шукаць адказы на мноства пытанняў, сярод якіх будзе і надзіва простае: хіба так, як ёсць, нельга жыць і быць у гэтым трошкі шчаслівым? Нібыта ж так добра ў сістэме, дзе табе гарантаваная будучыня і няма клопату пра яе ўладкаванне і дзе ты пазбаўлены ўсякіх мітрэнгаў адносна розных пошукаў. Там, у іншасвеце, выпрабаванні нададуць часу іншае асэнсаванне, раскрыюць характары і правераць душы герояў. На алтар перамогі будуць пакладзены сем лёсаў, але ці можна лічыць ахвярай… здраду?
Не ведаю, ці будзе цікавай такая падлеткавая літаратура беларускім падлеткам, але дарослым дакладна можна рэкамендаваць, улічваючы, што альтэрнатыўная рэальнасць даволі падобная да тынэйджэрскага досведу тых, каму зараз 40+. Вельмі цешыла тое, што “паролем” для апазнання сваіх былі словы Амнепадыстава, якія пераўтварыліся ў песню, дзякуючы Вольскам, - “Простыя словы, простыя рэчы…” Фактычна, гэта пароль іншай рэальнасці.