Слухаў кнігу ў аўдыёфармаце.
Раман "Пошукі будучыні" быў маім першым знаёмствам з творчасцю Кузьмы Чорнага. Адразу магу сказаць, што твор уразіў, але не ва ўсіх аспектах пазітыўна. У ім адлюстраваны даволі працяглы і насычаны падзеямі перыяд беларускай гісторыі — ад Першай да Другой сусветнай вайны. Некаторыя падзеі ў рамане развіваюцца вельмі павольна і дэталёва, амаль гадзіна за гадзінаю. Іншыя ж ахопліваюць гады, а то і дзесяцігоддзе, і пралятаюць з хуткасцю святла. Асабліва запомніўся момант, калі аўтар апісвае пачатак сумеснага жыцця галоўных герояў — Волькі Нявады і Кастуся Лукашэвіча. Тут падзеі пачынаюць імкліва развівацца: пралятае год, апавяданне прыпыняецца, узнікае нейкая невялікая гісторыя ў полі — і зноў праходзяць гады. З-за такога ходу падзеяў можна згубіцца ў часе. Дадае складанасці і тое, што ў творы некалькі сюжэтных ліній, а аўтар не заўсёды пакідае дастаткова апор, каб зразумець, дзе адбываецца дзеянне і хто ўдзельнічае ў сцэне. Гэта стварае пэўную блытаніну, хоць інтрыга ў пачатку твора трымаецца на высокім узроўні. З цягам часу пачынаеш заўважаць, што аўтар злучае падзеі з дакладнасцю да хвіліны, каб у патрэбны момант сустрэліся патрэбныя героі. Але бліжэй да канца твора гэта пачынае зніжаць інтрыгу, бо механізм становіцца занадта відавочным.
Сюжэтная лінія раману вельмі разгалінаваная. Аўтар часта адхіляецца ў бакавыя эпізоды, каб расказаць цікавую гісторыю, а пасля вяртаецца да асноўнай плыні. Для сябе я адкрыў шмат важных думак у гэтых адступленнях і хачу спыніцца на некаторых з іх падрабязней.
Некалькі разоў у рамане акцэнтуецца ўвага на тым, што ў людзей скралі час, дзяцей, здабыты кавалак зямлі, хаціну. Пра гэта гаворыць і Сымон Ракуцька, які быў аддзелены ад сваёй сям’і савецка-польскай мяжой на больш чым дзесяцігоддзе. Ён не раз скардзіцца на гэта ў размовах. Таксама нямецкі салдат Густаў, які ўжо афіцэрам вяртаецца ў Другую вайну, каб знайсці свае скарбы, раней нядбайна аддадзеныя дзяўчынцы за выратаванне. Усё жыццё яго турбуе, што ён скраў у свайго сына будучыню і не змог набыць за той скарб маёнтак, каб працаваць на сябе. Ён вяртаецца, каб атрымаць жаданы маёнтак — хай сабе і на акупаванай зямлі. І граф Паліводскі, які трапяталася паміж савецкім, польскім і нямецкім бакамі, таксама не знаходзіць супакаення. Ён страціў свой скарб і быў вымушаны пачынаць з нуля, з зямлі. Але ўжо напрыканцы твора, калі ён бачыць той самы скарб, не можа яго забраць. Час згублены, і яго ўжо не вернеш.
Думка пра тое, што нехта скраў твой час, мне не вельмі блізкая, бо я лічу, што кожны чалавек мае пэўную свабоду дзеянняў і сам вырашае, як распарадзіцца гэтым часам. Але ж перыяд паміж сусветнымі войнамі для беларусаў — гэта час паміж молатам і кавалдай. Свабода дзеянняў была максімальна абмежаваная, таму цяжка вінаваціць людзей за тое, што яны адчувалі: у іх скралі час. Людзі выжывалі. Аўтар вельмі дакладна паказвае сітуацыі перамен і рэакцыю людзей на іх. Польскія паны сышлі, саветы яшчэ не прыйшлі — значыць, няма ляснічых, можна ісці і браць лес для новай хаты. Хату збудавалі добрую — вярнуліся паны, трэба вяртаць і зямлю, і хату. А колькі працы было ўкладзена!
Асабліва ўразіла сцэна, калі Сымон Ракуцька пасля 1939 года паехаў да сваёй сям’і. Больш за дзесяцігоддзе яго раз’ядноўвала мяжа. Ён пакінуў дзяцей малымі, а цяпер ім ужо за дваццаць. І вось — момант сустрэчы: дачка, якая не ведае, што перад ёй бацька. Размова, унутраныя перажыванні — і Сымон так і не здолеў прызнацца, хто ён. Гэты эпізод крануў мяне асабліва моцна. Добра, што пазней сям’я ўсё ж аб’ядналася. Прыемна здзівіла, што жонка Сымона не павесіла на яго цэтлік здрадніка, а наадварот — расказвала дзецям пра бацьку, атрымлівала лісты. Але і гэты адносны спакой быў нядоўгім — неўзабаве пачалася новая вайна.
У апісаннях Другой сусветнай вайны мяне асабліва ўразілі два моманты. Першы — сцэны з жыцця Лізы Лукашэвіч у нямецкім канцэнтрацыйным лагеры. Апісанне вельмі дэталёвае, зусім не падобнае на выдумку. Адчуваецца, што аўтар ведаў, пра што пісаў. Гэты лагер быў для мясцовага насельніцтва, і людзей туды гналі не за нацыянальнасць, не за парушэнні — яны проста трапляліся пад руку. Тыя, хто выжыў першыя тыдні пад адкрытым небам, без добрай ежы, адхварэўшы крываўкай, — тых адвозілі на далейшыя працы. Магчыма, гэта асаблівасць першых месяцаў вайны, калі лагеры яшчэ не набылі выразнай структуры. Я не сустракаў раней згадкі пра падобнае, але гучыць пераканаўча.
Другі момант — лёс Люцыяна Акаловіча. Аўтар апісвае, як ён вучыўся на шпіёна ў немцаў. Як рос ён у сям’і, дзе бацька марыў пра Вялікую Польшчу, пра ўз’яднанне земляў і змаганне з саветамі. Як дакладна нямецкая разведка зразумела, як выкарыстаць такіх людзей у Беларусі падчас наступлення 1941 года. І зноў — вельмі дэталёвае апісанне лёсу Акаловіча, што стварае ўражанне, быццам гэта гістарычны дакумент. Я раней не чуў пра такія гісторыі, але зноў жа — цалкам магу паверыць.
Мяне прымусіў усміхнуцца кароткі эпізод, калі Густаў, уцякаючы пасля партызанскага нападу, пад страхам смерці і без надзеі на выратаванне, усё ж дабраўся да хаты Волькі Нявады. Па дарозе яго спынілі мясцовыя і, пачуўшы акцэнт, запыталі: ці не немец ён выпадкова? Густаў адказаў, што чэх. "Ну калі чэх, дык ідзі да партызанаў, яны дапамогуць", — сказалі людзі. Бо ведалі, што чэхі часта адмаўляліся ваяваць на баку немцаў і хаваліся ў лясах. Столькі лёсаў і падзей перапляліся на беларускай зямлі ў той час.
Увогуле, скажу, што твор незвычайны. Падчас чытання трэба быць гатовым да складанай структуры, шматлікіх сюжэтных адгалінаванняў і нечаканых паваротаў. Аўтар амаль не засяроджваецца на партызанскай тэме, а больш расказвае пра чалавечыя лёсы і асаблівасці вайны. Гэта адрознівае твор ад іншых аналагічных раманаў. Мова, апісанне мясцін, дыялогі — усё вельмі выразнае і насычанае. Такога стылю я не сустракаў у іншых творах. Рэкамендую "Пошукі будучыні" для прачытання, але варта быць гатовымі да незвычайнага падыходу аўтара.