Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012). Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве.
Лаўрэат літаратурных прэмій:
- штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1993), - часопіса «Крыніца» (1995), - Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), - Беларускага ПЭН-цэнтра (Прэмія імя Алеся Адамовіча) (2001), - «Гліняны Вялес» (2007), - «Залатая літара» (2012). - Ежы Гедройца (2023)
Гісторыя стварэння беларускай філасофіі і іншых інтэлектуальных сфер ад перабудовы да 00х праз вочы Акудовіча. Актуальна чытаць у час песімізму і нагляду знішчэння культуры, як нават праца 1 асобы істотна. Мова тэкста і прынясе інтэлектуальную асалоду, і не будзе занадта цяжкай для асоб без гуманітарнай адукацыі.
Ой... пры ўсёй павазе да асобы Валянціна, мне ня вельмі спадабалася. Першая палова кнігі цікавейшая - бачым апісаньні праектаў, працэсаў, рухаў, гісторый, якія тварыліся ў дзевяностыя. Сумна было чытаць пра некаторыя, што на момант 2019 года "і па сей дзень існуюць", але цяпер ужо ў нябыце. На гэтую частку таксама прыходзяцца найбольш цікавая развагі і думкі Валянціна.
Другая палова ёсьць пералічэньнем (сяброў Акудовіча) людзей, якія на меркаваньне Акудовіча зрабілі важны ўнёсак у разьвіцьцё літаратуры. Яно адчуваецца ледзь не энцыкляпэдычна, але пры гэтым мы дазнаёмся пра гэтых людзей з большага тое, што тычыцца непасрэдна Акудовіча. З чалавекам Х Валянцін пазнаёміўся тады, вось гэтымі рэчамі ён адметны, а вось ягоная рэцэнзія на "Мяне няма". То бок замест самага адметнага твору, думкі гэтага чалавека мы часта бачым толькі ягонае эсэ на Акудовічаву работу. Або замест работы аўтара бачым рэцэнзію Акудовіча на гэту работу. Валянцін прызнаецца ў самахвальстве, але ад гэтага аповед паўнешым ды цікавейшым не становіцца.
Магчыма, варта перад гэтай кнігай прачытаць іншыя работы Валянціна, каб больш зацікавіцца вось гэтымі рэакцыямі ўсімі на яго, але пасьля гэтай кнігі мяне на гэта ня цягне :)
Філязофія мне ня вельмі блізкая, і адчуваецца што Акудовіч усіх, хто "дыскурсам мысьленьня" не займаецца і не ўжывае ў кожным сказе слова "амбівалентны" лічыць ніжэйшымі за сябе (літаральна ёсьць такі эпізод у кнізе).
І яшчэ трошкі пра сэксізм. Ну ён такі, як у стандартнага беларускага дзеда, прабачце, толькі яшчэ з прэтэнзіяй на інтэлектуальнасьць. "Але, як бы хто ні называў тое, што ляжыць у асноведзі жывога жыцця і ўвесь час рухае яго, найлепей выяўляе сутнасць гэтага руху мужчына, які гвалціць жанчыну. Менавіта гвалціць - не просіць яе, не ўлашчвае, а бярэ сам: бярэ жорстка, бязлітасна, магчыма, нават без асаблівай асалоды, а толькі таму, што так трэба. <...> Чалавек - гэта перадусім дадатак да свайго чэлеса." - гэта поўны гамон.
Таксама Акудовіч, здаецца, прынцыпова не ўжывае фэмінітывы, што праблемна нават не з этычнага ці моўнага гледзішча, гэта банальна часам замінала чытаць: "У Святланы Алексіевіч боль дамінуе татальна. Без яго аўтар разгублена азіраецца." - тут я разгублена спатыкнулася - які аўтар? А, гэта ўсё яшчэ пра Сьвятлану, акей.
Цікавы час і падзеі, якія далі штуршок новаму адраджэнню, якое нажаль не стала мейнстрымам на прасторах бацькаўшчыны. А шмат каго і выштурхнула за мяжы краіны.