Гэтая кніга нечакана мне самому адасобілася з цыклу лекцыяў “Асновы беларускай ментальнасці”, падрыхтаванага для Беларускага калегіуму. Улёгшыся ў адукацыйную працу, я ў нейкі момант адчуў мусовую патрэбу выйсці за лекцыйны фармат і скінуць да адной купы ўсё тое думанне пра Беларусь, што вярэдзіла мне цягам доўгага часу. Зрэшты, у гэтай эмацыйнай патрэбы была свая, уласная логіка. З XX стагоддзем скончылася і вялікая эпоха “буры і націску”, у выніку якой паўстала незалежная Беларусь. Далей пачалося нешта цалкам іншае, але ніяк не падобнае да таго, аб чым мроілася і марылася на пачатку дзевяностых гадоў. Мы патрапілі зусім не туды, куды імкнуліся, мы наўсцяж апынуліся не там, дзе хацелі быць. Чаму так сталася? Кніга “Код адсутнасці” ёсць маім вымерам адказу на гэтае запытанне.
Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012). Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве.
Лаўрэат літаратурных прэмій:
- штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1993), - часопіса «Крыніца» (1995), - Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), - Беларускага ПЭН-цэнтра (Прэмія імя Алеся Адамовіча) (2001), - «Гліняны Вялес» (2007), - «Залатая літара» (2012). - Ежы Гедройца (2023)
Дзеля гэтай кнігі я прачнуўся раней, настолькі мне хацелася пагрузіцца ў тэкст. Па выніку чытаў, пакуль не дачытаў. Я ў захапленні.
Гэта трэба прачытаць кожнаму, хто калісьці задумваўся над беларускай нацыянальнай ідэяй. З чымсьці ў кнізе можна не пагаджацца, але знайсці вартыя інтэлектуальныя аргументы супраць ідэй аўтара даволі складана, бо ўзровень надзвычайна высокі.
Кніжка, да якой абавязкова давядзецца вяртацца, бо, на жаль, зразумець столькі адным захадам я не здольны. Вельмі неблагі аналіз Беларускага, які будзе карысна прачытаць кожнаму, хто мае дачыненне да гэтага Беларускага (сапраўды будзе, нават калі вы вялікі разумнік, адрозніваеце братоў Луцкевічаў, ведаеце на памяць склад Вярхоўнага Савета XIII склікання ці яшчэ што). І нават калі вы толькі пачынаеце разумець, што вы маеце дачыненне, усё роўна будзе. Зацягвае, нягледзячы на тое, што тэкст амаль што навуковы — ці прынамсі так я ўяўляю філасофскія працы; бывае шмат горш, вядома. Карацей, спадар Акудовіч, кудас!
Гэта тая кніжка, якая трапіла ў рукі менавіта ў той час, калі была вельмі патрэбная. Цвярозы і абгрунтаваны погляд, які прымушае пагадзіцца з высновамі. Трапна напісаная. Хочацца яе даць пачытаць ўсім і кожнаму, бо мы схіленыя да адных і тых жа памылак, рыторыка тупіковах дыскурсаў і сёння прысутнічае ў медыйнай прасторы, а людзі зноў уздымаюць пытанні, на якія існуе ўжо адказ з пераканаўчымі доказамі. Дадатак ў гэтай кнізе занадта доўгі і там ўжо я не з усім згодная.
Вельмі цвярозая кніга, якая шмат у чым апускае долу - а найперш у тым, што песімізм іманенты змяняе песімізмам экзістэнцыйным, для якога БНР, бел-чырвона-белы сцяг, Лукашэнка, ды і Беларусь - усяго толькі розныя сімулякры аднога Нічога.
нішто не даказвае важнасць развіцця лобных доляў так яўна, як прачытаць адну і тую ж кнігу ў 18 і калі табе амаль удвая больш - ажно смешна, што тады і зараз я звярнула ўвагу на абсалютна розныя аспекты ідэі. усё яшчэ цікава чытаць Акудовічавы развагі амаль 20-гадовай вытрымкі і накладаць на сучаснасць. бадай адзінае, што муліла мне вочы - апусканне выгаднасці сацыяльнай мадэлі для імперый-каланізатараў (канешне напр Францыя пайшла па ёй, бо вельмі выгадна было вырошчваць пакаленні "французкіх грамадзян" у адной калоніі і адпраўляць іх пад Французкім штандарам каланізаваць іншую краіну, з жыхарамі вельмі падобнымі да іх - гэта добра распісаў Франц Фанан у Black Skin, White Masks