Новая кніга Аляксандра Чарнухі «Гвалт» — гэта зборнік апавяданняў, аб’яднаных у адну эпічную гісторыю. Яна пра нас: герояў і злодзеяў, правільных і няправільных, тутэйшых і не тутэйшых. Яна пра нашы слёзы. Нашае жыццё і нашу смерць. У дзесяці апавяданнях цесна пераплеценыя фікшан і нон-фікшан, і фантазія яшчэ больш падкрэслівае сюррэальнасць і трагізм рэчаіснасці. Гвалт — частка нашай прыроды. Страшная яе частка.
«Шкада, што ў Беларусі няма мора». Так пачынаецца адзін з расказаў зборніка.
А я скажу, што ёсць. Яно, як мае быць, вялікае, горка-салёнае, адчайнае і ціхае, яно пароўну падзелена паміж ўсімі беларусамі і кожны носіць яго ў сваім сэрцы. Ну, хіба раз-пораз пралье пару кропель проста праз свае вочы. Але ж хіба мора можна выплакаць цалкам?
Глыбокія і сумныя аповеды пра сучасную беларускую рэчаіснасць. Тэксты аб’яднаныя тэмамі бядоты, брутальнасці ўлады і бесперспектыўнай бытавухі ў Беларусі. Пагаджаюся з аўтарам, што кожны з нас — ахвяра і гвалтаўнік адначасова.
не маю нічога супраць спадара Чарнухі, але ўсё-такі лепш журналістыка. на кожнае апавяданне - па адной метафары, і ўсе настолькі простыя і ў лоб, што нават не вельмі і цікава чытаць; і ніякіх іншых сэнсаў, ніякай шматслойнасці, а горш за ўсё - я так і не пабачыла за імі аўтарскай думкі. магчыма, з часам Чарнуха і вырасце ў пісьменнікі, але гэты зборнік дакладна не будзе лепшым у яго бібліяграфіі
Аляксандр Чарнуха напісаў раман ад якога я рагатаў як апошні раз. Цяпер ён напісаў збор апавяданняў пра жудасны бок цяперашняй Беларусі. Кожнае апавяданне невыносны боль. Гэта не лепшая кніга года, але яна жывая. Раю ўсім і чакаю новы твор, які можа быць чым заўгодна, бо амабіста выдаю аўтару вялікі крэдыт даверу.
Кніга складаецца з апавяданняў і кожнае з іх акутана таямнічасцю, зацікаўлівае з першых сказаў, вядзе да канца, каб мы дайшлі да разгадкі.
Праз кожны аповед аўтар паказвае, што ўсе мы можам быць гвалтоўнікамі, бо сталі ахвярай тых ці іншых абставін. Пытанне ў тым: ці можам мы вырвацца з гэтых абставін і абарваць гэты круг?
Апавяданні прыпраўлены дзе трошкі містыкай, дзе таемнасцю, з ноткамі сарказму, высмейвання і разчаравання. Але ўсё гэта толькі прыправы ці горкі шакалад, калі лічыць апавяданні цукеркамі, а ў сэрдзіне балючая рэальнасць, нібы арэшак, які ляжыць унутры гэтай цукеркі, і аб які ламаюцца нашыя зубы.
Калі кожнае апавяданне лічыць цукеркай, якая мае абгортку, то тут у якасці абгорткі выступае малюнак, які адлюстроўвае сэнс аповяду. І ўсюды чырвоны колер, звяртае ўвагу на тое, што рэчаіснасць замарана кроўю.
Гэтыя цукеркі штурхаюць цябе на разважанні пра розныя бакі чалавека. Уплыў абставін, рэжыму, традыцый на людзей можа рабіць з нас ахвяр, якіх згвалцілі, якія не ведаюць, як вырвацца з гэтага, і таму пачынаюць таксама гвалт. І гэты бясконцы круг, які можа і складана абарваць, але магчыма.
Кожны аповед чытаецца з цікаўнасцю і ўзахлеб, але не чакайце, што пасля іх вам будзе лёгка на душы, бясконцыя разважанні будуць раіцца ў вашай галаве. Балюча таксама будзе. Але кніга вартая увагі!