«Апошняе пакаленне» — аповесць пра мінскую моладзь, якая жыве звычайным жыццём у рэаліях эпохі пасля 2020 года. Галоўны герой Мікіта працуе ў рэкламным агенцтве, у атачэнні людзей з кардынальна рознымі поглядамі на жыццё. Ён знаходзіцца ў нервовым пошуку «правільнага» шляху, у той час як хтосьці, як ягоная калега, выбірае шлях змагання за праўду, бо не можа проста сядзець на месцы і чакаць.
Дэбютны твор Макара пранікнуты апатыяй і расчараваннем, якія пануюць сёння. Аднак у той момант, калі, здавалася б, стаіш на парозе безвыходнасці, загараюцца іскрынкі надзеі і сустракаеш маленькія радасці. І тады разумееш, што наперадзе — добрая будучыня. Усё залежыць ад нас.
вельмі абагульняючы, можна сказаць, што сярод людзей, якія жывуць у беларусі цяпер, пануюць два галоўныя станы.
экзістэнцыйная віна — пачуцьцё, якое ўзьнікае з-за адчуваньня, што чалавек не адпавядае ўласным маральным стандартам і не можа зрабіць дастаткова, каб паўплываць на сітуацыю, з якой гэтае пачуцьцё звязанае.
сындром ружовых акуляраў — стан, калі людзі сьвядома альбо несьвядома абіраюць ігнараваць рэчаіснасьць і факусавацца толькі на сваім асабістым жыцьці, нават калі прыходзіцца жыць ва ўмовах рэпрэсій і ўцягнутасьці ў вайну.
кніга ‘апошняе пакаленне’ ідэальна паказвае абодва гэтыя станы. яе галоўны герой — мікіта, хлопец, які намагаецца працягваць жыць сваім звычайным жыцьцём, але застаецца вельмі сьвядомым рэчаіснасьці, што выклікае ў яго так званы сындром замерлага часу. мікіта адчувае ўсё на раз: патрэбу сьледкаваць за навінамі і перагружанасьць ад іх колькасьці, жаданьне зрабіць штосьці ўплывовае і рацыяналізацыю небясьпекі гэтага жаданьня, патрэбу рухацца наперад і немагчымасьць прыняцьця такога сцэнара, бо як можна проста жыць далей, калі ўсё гэтае працягвае адбывацца? у той самы час большая частка людзей вакол яго абірае заставацца ў сваёй камфортнай зоне і ігнараваць усё тое, што хвалюе мікіту.
акрамя пачуцьця безысходнасьці і страху, кніга таксама выклікае моцную настальгію па знаёмых мясьцінах. атмасфэра менску і ўсяго беларускага апісана так добра, што аж хочацца ўпрыгнуць унутар гэтых старонак, прайсьціся з галоўным героем ранкам па вуліцах менску разам. але ў той самы час рэчаіснасьць таго, якая небясьпека цяпер хаваецца ў закавулках гэтых самых родных і цёплых вуліц, прымушае цябе зрабіць крок назад. падзеі кнігі нагадваюць важнае — бясьпека ў беларусі цяпер толькі ілюзія. нават для тых, хто носіць самыя гламурныя ружовыя акуляры.
калі вы хоць раз задаваліся пытаньнем: як там у беларусі цяпер жывуць людзі? ці ёсьць тыя, што змагаюцца? якое цяпер жыцьцё для тых, хто змагаліся, і тых, хто не? — гэтая кніга можа быць для вас адказам. ‘апошняе пакаленне’ — гэта не толькі мастацкі твор пра нашую моладзь, але яшчэ і моцная, праўдзівая перспяктыва, якая паказвае жыцьцё ў беларусі цяпер.
Ува мне боркаюцца два ваўкі. Воўк першы: Ліза, ня трэба крытыкаваць беларускія кнігі, ім і так жывецца складана, трэба іх падтрымліваць і песьціць. Воўк другі: але ж ты хочаш быць шчырай і пабубнець. Ох, а бубнець ты любіш!
Вы здагадваецеся, хто перамог (дзеля справядлівасьці, я кнігу купіла і прачытала, то мая безумоўная падтрымка).
Праблема, як вядзецца, ува мне. У мяне ёсьць пэўныя ўяўленьні і пажаданьні да сучаснага белліту. І плюс я завысіла чаканьні. Мне вельмі цікава было пачытаць кніжку з такой ўводнай. Моладзь у Беларусі! Гэта ж пра мяне!
Але не, гэта не пра мяне. Герой належыць да стэрэатыпнай беларускай катэгорыі анучкі, якая бадзяецца, пакутуе, дэпрэсуе і анічога ня робіць. Калі ў яго зьявіўся шанец нешта (бадай і трохі недарэчнае) зрабіць, ён спужаўся і... пайшоў спаць. Гэты стэрэатып мала таго што не захапляе ў межах гісторыі, але агулам шкодзіць нейкаму агульнаму ўяўленьню пра беларусаў па-за кніжкамі. Я апошнім часам шмат сачу за беларусамі напоўненымі, моцнымі, інтэлігентнымі, яны робяць неймаверныя штукі, яны натхняюць сваім супрацівам, ці творчасьцю, ці майстэрствам у працы. Яны мусяць быць героямі нашых кніг, а пустарэчны Мікіта хай дома сядзіць. (Нехта можа заўважыць, што ў Мікіце можна пабачыць сябе, і гэта бывае людзям прыемна і патрэбна. Справядлівая заўвага, я асабіста ўж чакаю іншага, дый беларускія героі звычайна вельмі простыя людзі, таму зь імі сябе асацыяваць тэж лёгка)
Агулам можна было б чытаць ня дзеля героя, а для цікавае гісторыі. Але ж тут асабліва нічога не адбываецца. Пэрсанажы працуюць і часам тухла тусуюць. Нуда. А што пра верагоднае апісаньне цяперашняга жыцьця ў Беларусі? Ня ведаю. У сваіх сябрах, што засталіся там, я ўсё-ткі больш адчуваю жыцьця. А што датычыцца настальгіі, то можна паслухаць 169-145 Leibonik.
Цікавыя тэмы тут знайсьці можна. Мне дужа спадабаўся герояў бацька. Але б я хацела больш дасьледаваньня яго характару, можа гісторыі, адносінаў зь ім. А атрымліваем, што герой думае пра яго "гэты мужчына, не хачу называць яго бацькам" і ўсё. Ёсьць пачаткі супярэчлівасьці ягоных эмоцый, з адногу боку прывязанасьць, зь іншага агіда, крыўда. Але хацелася б туды больш капянуць, прымусіць задумацца.
Ну і мой асабісты боль гэта мова. Яна тут спрошчаная, калькаваная, цьмяная. Нейкі слэнг недарэчны, англіцызмы, лаянка чамусьці расейская. Можаце сказаць, што менавіта так моладзь і размаўляе. Магчыма, але ці хачу я чытаць напісаную такой мовай кнігу? Дый пра слэнг з лаянкай. Такога кшталту кнігі гэта ж якраз выдатная магчымасьць паўплываць на слоўкі ў людзей у хаду. То можна паэкспэрымэнтаваць, папрыдумляць якія беларускія размоўныя выразы, а не шпурляць англіцызмы, ці прынамсі ў беларускай лаянцы разабрацца. Вельмі ўзорны прыклад, зь якога злавіла ці то сьмяшынку ці то фэйспалм: дзяўчына размаўляе з героем пра беларускую і такая: ой, а як будзе "прикольно"? і герой такі, "прышпільна". і нам паказваюць, як яна смакуе гэтае слова і адчувае яго роднасьць ці беларускасьць ці што. Ну так, тое самае спрадвечна беларускае слова прышпільна, ні разу не лянівая калька...
Чыталася лёгка і хутка, зусім не нудна, як у некаторых водгуках пішуць. Я люблю такія кнігі-дзённікі, дзе апісваецца паўсядзённае жыццё героя, яго разважанні, успаміны, дзе можна "падглядзець" за працай іншых (пра рэкламныя агенцтвы я да гэтага нічога не ведала). Больш за ўсё спадабаліся ўспаміны з дзяцінства, якія быццам бы ў большасці беларусаў міленіялаў амаль аднолькавыя. Але чагосьці ўсё ж такі не хапіла. Смеласці ў думках, нейкіх сур'ёзных спрэчак і адстойвання меркаванняў. Быццам бы канфлікт паміж героямі бачыш, але эмоцый ад яго асаблівых няма, не хочацца зрабіць паўзу і задумацца, а на чыім я баку. Але можа проста гэта асабіста я над усімі гэтымі тэмамі даўно сто разоў падумала, а хтосьці іншы адкрые ў сабе штосьці новае.
Буду з задавальненнем чакаць новую кнігу Макара і глядзець, як развіваюцца яго літаратурныя ўменні і светапогляд. Дзякуй за кнігу!
З усёй павагай да аўтара лічу кнігу непатрэбнай і нават шкоднай. Бо заяўленая была гісторыя пра менскую моладзь. Але гэта не пра нас.
Спачатку хочацца адзначыць добрую структуру, персанажаў, добрую беларускую мову (нажаль, такую базу не заўсёды сустракаеш). Дыялогі, дробныя падзеі і паводзіны персанажаў чытаць было надзіва прыемна і яны запаміналіся. То вонкавая абалонка вельмі прыемная. Увогуле чытаць прыемна было, у аўтара маюцца адпаведныя навыкі. Таму і шкада, што змест такі кепскі.
Галоўнае пытанне да назвы і да няўдалай спробы паказаць, як мы тут жывем. Галоўны геро�� увесь час скардзіцца на гэты свет, але фактычна нічога ў яго там не адбываецца. У нас жа ці ня кожны тыдзень ёсць гісторыя больш вострага канфлікту з наваколлем. Калі тваё ў небяспецы каханне, Гонар, свабода, песня твая.
У аповесці ўся беларуская культура зведзеная да прымітыўнага змагарства ў самым кепскім сэнсе: сядзіць у кватэры, выпівае і сумуе, а потым пабачыў беларускамоўнага таксіста і ўвесь дзень ня можа перастаць драчыць з гэтай нагоды.
Акрамя таго, яшчэ і інфармацыя не заўсёды дакладная. У 23-м годзе ў Белкнізе можна было кніжкі добрыя знайсці. Нават зараз можна знайсці дзе-нідзе. Нават гэтую неяк прачыталі. Можа і дробязь, але паказальная. Пасля такога аўтару ня верыш.
Я б не пісаў гэты водгук, калі б мяне не закранула шкоднасць такога тэксту. Як той казаў, гэта матэрыялы, здольныя пашкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі. Бо ствараецца і транслюецца няслушны вобраз тых, хто тут застаўся. Гэта спрыяе далейшаму непаразуменню і раз’яднанню. Вось, што нас тут сапраўды хвалюе, а не магчымасць набыць кнігу ў Белкнізе.
Зразумела, у нас хапае ўсім вядомых праблемаў. Але мы тут не заўсёды разумеем, на якую імпрэзу лепей пайсці ды да якой ініцыятывы далучыцца. Бо ёсць выбар. А ў аўтара ўжо канец сусвету і апошняе пакаленне. Адзіная прапанаваная ім альтэрнатыва то нейкія бяссэнсоўныя ўчынкі ад адчаю і роспачы. Шкада, што ўласны досвед (недасведчанасць) выдаецца за партрэт пакалення. Гэта выглядае вельмі аднабакова. Аўтар быццам з'еў не апельсін, а толькі яго корку. А потым піша, што ў нас тут усе такія ж тупыя, як ён.
Мне здаецца, што гэта ўдалы дэбютны твор. Аўтар падымае важныя для беларусаў тэмы: жыццё ў сучаснай Беларусі, адлегласць паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, а таксама ўзаемаадносіны ў сем’ях з рознымі палітычнымі поглядамі. Аднак, на жаль, гэтым тэмам не заўсёды хапае глыбіні. Напрыклад, адносіны галоўнага героя з бацькам засталіся недастаткова раскрытымі. Было б цікава даведацца, як з цягам часу змяняліся погляды бацькі, як ён апраўдваў сваю працу на карысць сістэмы. У творы амаль няма падтэксту, і чытачу не трэба асабліва разважаць: кепскае адкрыта паказваецца як кепскае, а добрае - як добрае. Напрыклад, у сцэне з сябрам, які з’ехаў, нам проста гавораць, што ён такі-сякі выкладае фота з кавярняў падчас падзей. Магчыма, гэта прагучыць нечакана, але я б назваў “Апошняе пакаленне” добрай кнігай для летняга чытання. Яна напісана простай мовай, і падчас чытання не трэба баяцца, што прапусціш нейкую важную думку ці падзею. Ды яшчэ ўсё і адбываецца ўлетку, таму так лёгка перанесціся думкамі ў свае ўспаміны пра лета ў Мінску. Сюжэт развіваецца даволі марудна і пачынае сапраўды набіраць абароты толькі бліжэй да канца кнігі. Мне спадабалася ідэя са снамі з успамінамі з дзяцінства на пачатку раздзелаў - гэта цікавы прыём, але, на жаль, ён чамусьці не вытрыманы на працягу ўсёй кнігі. Я з цікавасцю прачытаю наступныя творы Макара і спадзяюся, што ў іх аўтар адважыцца пайсці глыбей у тэмы, якія ўжо зараз уздымае.
З аднаго боку, чыталася лёгка, напісана захапляльна, праглынуў кнігу за некалькі гадзін. Апісанні дзяцінства, ці беларускага быту выклікаюць цёплую хвалю настальгіі.
З другога боку, не адчуваю сувязі з галоўным героем. Мікіце папросту цяжка так жыць, але ж ен нічога не робіць, каб нешта змяніць. Я не зразумеў, што яго тут так трымае. Сяброўства - нейкае дзіўнаватае, маці, якую ен відавочна любіць - за мяжой, з бацькам амаль няма стасункаў. Як так здарылася, у які момант сям’я так змянілася? І хто такі “тата”, як ён звязаны з героям? Мікіта - нядрэнны чалавек, які ўсю кнігу робіць нейкую дурноту. Што ў ім станоўчага, акрамя таго што на мове размаўляе? Але ж хіба гэта індульгенцыя? Можа нейкая прага да самаўдасканальвання, жаданне добра зрабіць сваю працу адчуваецца. І так, хацеў сяброў падтрымаць, але ж зноў літаральна нічога не зрабіў, ну і атрымалася незразумела што.
Я лічу, што нават з тых падзей, якія ужо есць у кнізе, можна было зрабіць нашмат ярчэйшы фінал.
Таму, не, не атрымалася намаляваць партрэт пакалення, нашы юнакі і смялейшыя, і мудрэйшыя за Мікіту.
Пабачым, якімі будуць новыя кнігі Макара. Посьпехаў!
Кніга пра спробы беларускай моладзі існаваць па-за палітычным і глабальным кантэкстам па сваёй і не волі. Чытаецца лёгка, а кульмінацыя ў самым канцы кнігі адлюстроўвае сапраўднае жыццё - калі самыя цікавая падзеі здараюцца спантанна, аднойчы і мімалётна.
Аўтар намагаўся паказаць як жыве моладзь пасля 2022 ў Беларусі, якімі пытаннямі задаецца і якім жыццевым шляхам ідзе. Моладзь у кнізе - гэта такі своеасаблівы зрэз сярод маладога пакалення Беларусі (але ўсё ж можа няпоўны, і абагульняючы), людзей са сваімі думкамі, пачуццямі, шуканнем сабе і свайго месца ў жыцці. Але асуджаць герояў няма сэнсу, бо ўсё можа быць не так адназначна, бо чалавечыя душы глыбей, чым можа нам здавацца. Ды і ўвогуле, складана зразумець на 100% людзей, тым больш наспех, калі галасы краіны задушаны, і кожны хавае свае рэальныя думкі і пачуцці.
+: •Кніга вельмі жыццевая. Дыялогі жывыя, сучасныя, напісаныя мовай штодзённасці, а не класічнай літаратурнай мовай, якая жыве толькі ў кнігах ці жыве на вуснах некаторай інтэлегенцыі. І гэта сапраўдная жыццёвасць збліжае і падкупае чытачоў. •Чытаецца раман лёгка і скора. •Спадабаліся ўстаўкі пра успаміны з дзяцінства. Ад іх вее цяплом і на падставе іх ўсплываюць моманты з свайго мінулага. •Добрая задума паказаць, як жыве моладзь, з якімі думкамі і перажываннямі.
- (абіста для мяне, для кагосьці гэта нармалёва): •Шмат матных слоў. Канешне, усе могуць іх прамаўляць знаходзячыся ў эмацыйным стане, гэта нармальна. Але я не люблю і мне не прыемна, калі людзі размаўляюць з матамі пастаянна. Разумею, што ў кнізе гэта зроблена спецыяльна, каб праз гэта ўяўляць герояў, але гэта мне зусім не блізка. •Асноўны цікавы сюжэт разгортваецца ў канцы, а большая частка кнігі зацягнутая разважаннямі і мне было зашмат штодзённасці. •Хацелася б больш раскрыць іншых герояў праз сюжэт. Усё скончылася на самым цікавым месцы, пакунуўшы нас з роздумамі і фантазіямі, як складзецца лёс герояў.
Цікава асаблівасць: дыялогі герояў, якія размаўляюць на рускай мове, напісаныя курсівам. І па гэтым дыялогам зразумела, як мала мовы беларускай у грамадстве. Наколькі ўсё русіфікавана, а свайго роднага так мала.
Дык чаму апошняе пакаленне? Можа таму што гэта пакаленне апошняе, якому баліць яшчэ ад рэчаіснасці, хто адчуваў і адчувае ўвесь жах і ненармальнасць жыццёвых абставін у краіне і шукае свой шлях сярод гэтага? Бо яшчэ больш маладзейшыя, наступнае пакаленне, ужо будуць жыць інакш, і адчуваць інакш.
У кожнага пакалення свой шлях, свае погляды. І куды кожны з нас прыйдзе у выніку, дакладна невядома, але спадзяюся ў лепшую будучыню.
Гэта не пра беларускую моладзь, не пра атмасферу ў краіне, не пра Мінск. Можа, аўтар хацеў зрабіць гэта, але атрымалася хутчэй пра зуменіала, які пакутуе ад сваёй працы і піша пра яе шмат нудных словаў.
За гэтымі рэфлексіямі пра працу (сярод якіх нешта пра палітыку выглядае нават не як дэкарацыя, а як прыцягнутае за хвост) амаль цалкам знікае сюжэт. Хоць нейкія падзеі адбываюцца ў апошняй частцы кнігі, але і тыя на паўнавартасную гісторыю, на жаль, не цягнуць.
І, нарэшце, ці то ў кнігі ўвогуле не было рэдактуры, ці дрэнная рэдактура. Шматслоўе, дзіўныя канструкцыі і выраз-паразіт: "думаю я і". Напрыклад:
Што рабіць, калі ты захрас у лімбе, а навокал цябе людзі, якія нібыта выдатна перагарнулі старонку, а ты не можаш проста ўзяць і праехаць? Што рабіць, калі навокал адбываецца поўны трындец на розных узроўнях, а ты не адчуваеш ні сіл ні сэнсу паўплываць ні на што? Ці маем мы наогул маральнае права жыць як раней, ведаючы колькі людзей за кратамі, а з нашай краіны ляцяць ракеты ў суседнюю? Кніжка не дае адказаў на гэтыя пытанні, але часам задаць пытанне важней, чым атрымаць адказ. Для мяне, гэтая кніга пра рэчаіснасць, пра сучаснае жыцце ў Беларусі, дэпрэсію, выгаранне, пра калектыўны сорам, пра небяспеку. Яскрава апісвае стан шматлікіх людзей, якія не могуць жыць як раней не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Гэта пра новае загубленае пакаленне.
Я проста вельмі шчаслівая, што ў беларусаў з’явіўся новы пісьменнік: свой, блізкі, цёплы, кнігі якога можна чакаць і кнігамі якога можна ганарыцца. Гэтая мінская бытавуха ў “Апошнім пакаленні” нават зараз выклікае ў мяне слёзы на вачах, таму што сумую, таму што занадта натуральна апісана, таму што зноў хачу ўбачыць родныя гарады на свае вочы.
Канцоўка вельмі натуральная. Неяк так усё і адбываецца па большасці.