У новае выданне паэзіі Максіма Багдановіча «Выбранае» ўвайшлі 25 ілюстраваных паэтычных твораў, як даніна 25 гадам кароткага, але вельмі плённага жыцця выбітнага беларускага творцы. У кнізе вы не знойдзеце самыя знакамітыя і папулярныя вершы паэта. Наадварот, шэраг незаслужана забытых, невядомых шырокаму колу чытачоў ці ўвогуле рэдкіх, але не менш значных твораў дасць магчымасць па-новаму паглядзець на спадчыну Максіма Багдановіча, адчыніць для сябе новыя грані яго глыбокага паэтычнага свету. На старонках выдання, як у саміх вершах, так і ў аздабленні, вы ўбачыце спляценне прыродных матываў з філасофскімі метафарамі. Ілюстрацыі Юліі Давыдавай перакладаюць на візуальную мову вечныя і заўсёды актуальныя пытанні аб каханні і смерці, радасці і вечнасці, пра якія сёння прымушае нас па-іншаму задумацца Максім Багдановіч.
Максім Адамавіч Багдановіч — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дасьледчык, літаратуразнавец, перакладчык, клясык беларускае літаратуры. Адзін са стваральнікаў беларускае літаратуры й сучаснае літаратурнае беларускае мовы. Распачынальнік традыцыі беларускага мастацкага перакладу. Нізка „Места“ з адзінага прыжыцьцёвага зборніка паэта „Вянок“ зьяўляецца першым узорам урбаністычнае лірыкі ў новай беларускай паэзіі. Спадчына Максіма Багдановіча ўвайшла ў залаты фонд беларускае культуры.
Вэрсыфікацыйная дзейнасьць Максіма Багдановіча ўзбагаціла беларускую паэзію на такія нязнаныя дагэтуль клясычныя ўзоры вершаскладаньня, як санэт, трыялет, танка, рубай, рандо, рэндэль, тэрцына і інш. Доктарка філялягічных навук і прафэсар МДУ Ала Шэшкен параўноўвае Максіма Багдановіча з Аляксандрам Пушкіным па месцы, якое ён займае ў беларускай літаратуры, трансфармаваўшы паэтычны досьвед эўрапейскае літаратуры на нацыянальную глебу. Выключнае пачуцьцё гармоніі і меры, у дачыненьні да паэтычнае спадчыны, уласьцівае абодвум паэтам, заўважыў паэт і дасьледчык беларускае літаратуры Ніл Гілевіч.
Максім Багдановіч заклаў пачатак беларускае літаратурнае прафэсійнае крытыкі. Гісторыка-літаратурная канцэпцыя Максіма Багдановіча найбольш поўна раскрылася ў яго працах „Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасьці XVI сталецьця“, „За сто лет“, „Новый период в истории белорусской литературы» и „Белорусское возрождение“. На палажэньнях, выказаных у літаратуразнаўчых артыкулах „Глыбы і слаі“ і „За тры гады“ грунтавалася навуковая гісторыя беларускае літаратуры ў будучым. Максім Багдановіч-крытык выступаў на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах, папулярызуючы дасягненьні маладое беларускае літаратуры, аналізуючы ўкраінскую паэзію і пытаньні гісторыі расейскае літаратуры. Большасьць крытычных матэрыялаў на расейскай мове друкаваліся ў 1913—1916 гг. у яраслаўскай газэце „Голас“.