У кожнага народа ёсць свой вялікі пісьменнік, ёсць свае класікі літаратуры, ёсць паэты, якім дзяржава ставіць помнікі і ў гонар якіх называе вуліцы і станцыі метро, а ёсць яшчэ і любімыя паэты і пісьменнікі. Любімых выбірае сабе народ. Так беларусы выбралі сабе любімага паэта — Максіма Багдановіча і любімага пісьменніка — Уладзіміра Караткевіча. У кнізе «Наш сусед Караткевіч. Словы пра выбітнага літаратара Уладзіміра Караткевіча» Адам Глобус сабраў свае нататкі пра пісьменніка, з якім яму пашанцавала жыць па суседстве, на адной лесвічнай пляцоўцы. Адрасуецца шырокаму колу чытачоў.
Кніга ў большай ступені не пра Ўладзіміра Караткевіча, а пра эга спадара Адамчыка, які ўважае суб'ектыўнае (у гэтым выпадку добрае) стаўленьне да сябе, як адзінае адэкватнае. У тэксьце аўтара шмат супярэчлівасьцей (але ня іх падкрэсліваньне) і нават укіды з тэорыямі замоў. Абсалютна ня тое, чаго можна чакаць ад успамінаў пра чалавека (любога, ня толькі Спадара Караткевіча).
Увогуле, пазбягаю чытаць ПРА пісьменнікаў, мастакоў, актораў ігд. Але не здолела прайсці побач з Караткевічам, не зазірнуўшы. Успаміны Глобуса пра самога Караткевіча станоўчыя, але, распавядаючы пра легенду, аўтар не вельмі станоўча зачапіў іншых беларускіх пісьменнікаў. Таму зараз я ведаю, што Адам Глобус не любіць, напрыклад, Барадуліна, але гэта не тая інфармацыя, якая дапамагла лепш зразумець Караткевіча. Некаторыя думкі аўтара паўтараліся ў розных кантэкстах, і некаторыя факты былі апісанымі з розных перспектыў. Нягледзячы на тое, што чакала больш Караткевіча, удзячная Глобусу, што падзяліўся сваімі ўспамінамі.