Гістарычны дэтэктыў… Колькі таямнічага, застрашлівага і рамантычнага можна сустрэць у сутарэннях часу! Чаму напрыканцы XIX ст. забіты былы паўстанец, паплечнік Кастуся Каліноўскага, Вінцэсь Рашчынскі? Якую таямніцу захоўвае каменная жаба з надмагілля? Ці можна ўявіць, каб пяць студэнтаў стварылі Каралеўства Беларусь? Ці сустракаліся вы з прывідам Кальварыйскіх могілак Мінска? У творах Людмілы Рублеўскай, уключаных у гэтую кнігу, - высакародства і подласць, каханне і здрада, экзістэнцыйны выбар між дабром і злом. А яшчэ – непаўторная іронія, з якой можна бясстрашна сустрэць любыя містычныя жахі.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, сапр.: Людміла Іванаўна ШНІП (нар. 5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык.
Нарадзілася ў сям'і служачых. Жыве ў Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала ў газеце «Наша слова», часопісе «Першацвет». З 1996 працавала ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактар аддзела літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер аглядальнік аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия». Член СП СССР з 1990, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Першы верш надрукавала ў 1983 (газета «Знамя юности»). Аўтар зборнікаў «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), аўтар аповесцяў «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.