Для паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча гэта першая спроба пісаць для дзяцей. Але гэта не азначае, што паэт Хадановіч назаўжды сышоў у свет дзяцінства: дарослыя вершы па-ранейшаму пішуцца, запэўнівае ён. Малаўзроставая ж аўдыторыя ў пэўным сэнсе выявілася нават больш складанай…
Музай і першай слухачкай вершаў стала юная Алена Андрэеўна — дачка Хадановіча. Праз яе штодзённыя прыгоды тата апісаў сітуацыі, знаёмыя усім бацькам.
“Мой лірычны герой ніколі яшчэ не быў такім набліжаным да аўтара”, — смяецца паэт. Кармілі качак, сутыкнуліся з праблемай чаргавання шакаладных цукерак і баршчу, чысцілі зубы, гайдаліся на арэлях — усё гэта ўмомант рабілася сюжэтам для вершаў. Тут ёсць творы пра ровар, а ёсць пра коўзанку, пра катанне на арэлях і скаканне на батуце, пра Першага верасня і пра Новы год ды “сустрэчу са спадаром з падарункамі і яго спадарожніцай”.
Андрэй Валер’евіч Хадановіч — беларускі паэт, перакладчык, філолаг. Навучаўся ў школе № 113, потым у школе № 162. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1995) і аспірантуру БДУ па спецыяльнасці замежная літаратура (1999). Выкладае ў БДУ гісторыю французскай літаратуры. Выкладаў у Беларускім гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа. Вядзе заняткі ў «Перакладчыцкай Майстэрні» пры Беларускім ПЭН-цэнтры і ў Школе маладога літаратара пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. З 10 снежня 2008 да 5 лістапада 2017 года узначальваў Беларускі ПЭН-цэнтр, цяпер — сябра рады арганізацыі. Друкуецца ў часопісах «Arche», «Дзеяслоў», газеце «Наша Ніва». Ягоныя вершы перакладаліся на рускую, польскую, англійскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, славацкую, украінскую мовы.
Перакладае на беларускую мову з англійскай, польскай, рускай, украінскай, французскай. Піша вершы, лімерыкі.