У аповесці «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» сучаснасць паўстае ў сваёй зменлівасці і алагічнасці. На 180 градусаў памяняліся парадкі ў Гімназіі Новага Тыпу, якую ўзначальвае Яўген Сцяпанавіч Расолька. Прынамсі, тут ён выкладае сексуальную эстэтыку і рэлігію. У навучальнай установе нібыта ўсталявалася царства галоснасці і дэмакратыі, бо «вучні дабіліся права... не толькі выбіраць самім прадметы і тэмы для вывучэння, вызначаць працягласць урокаў, але й самім браць на работу альбо выганяць настаўнікаў...». На самай жа справе тут пануе жорсткі дыктат вучняў, яны разумеюць свабоду як анархію. Сямікласнік Міхлін, узначаліўшы Гімназійную Раду, вяршыць настаўніцкія лёсы, праводзіць чысткі. Пазней, калі эпоха школьнага дэмакратызму мінула, той хутка перабудаваўся, становіцца стукачом, правакатарам. «На д'ябла, на смуту» працуе журналіст Джынсавы-Прэсавіч. Гэта — амаральны тып, майстар газетнай лухты і паклёпаў. Героі аповесці Яўген Сцяпанавіч Расолька і яго каханая Кацярына Рыгораўна, стомленыя ад тлуму і фальшу, пакідаюць горад і едуць на вёску з надзеяй, што «ўратаваць можа толькі зямля». Андрэй Федарэнка паядноўвае рэальнае і фантастычнае, дасягае вострага гратэску, стварае абсурдна-парадаксальную карціну жыцця грамадства, якое апынулася на шляху маральнай і духоўнай згубнасці.
"Гэтая кніга, шаноўны магчымы чытач, пісалася мною амаль чатыры гады. Я пісаў свае апавяданні і аповесці, шчыра спадзеючыся, што выказваю ў мастацкай форме пэўныя настроі, думкі частачкі блізкіх мне па духу людзей, я цешыў сябе надзеяю, што нейкаму незнаёмаму майму аднадумцу ад гэтай кніжкі стане трошкі лягчэй жыць — магчыма, ён адчуе сябе не такім адзінокім і знойдзе ў асобе аўтара для сябе сябра". Андрэй Федарэнка
Першае знаёмства з Федарэнкам постапакаліптычным. Даволі нечакана, хоць канец "Смуты" можна было прадказаць, ведаючы любоў пісьменніка да вёскі. У адрозненні ад старэйшых калегаў спадара Андрэя, Федарэнка любіць вёску і жыццё ў ёй шчыра. Яго настальгія кранальная. Яна прымушае чытача далучыцца да гэтага дзіўнага гіпатэтычнага флэшмобу вяртання да каранёў. Цікава, што хіба не ўпершыню ў творах пісьменніка быў прадстаўлены (хоць і зусім крыху) штучны інтэлект.