Андрэй Мрый напісаў унікальны не толькі для беларускай, але і для сусветнай літаратуры раман. Эксклюзіў у тым, што галоўны герой, прайдзісвет і авантурнік, выкрывае сам сябе, а заадно і сістэму, якая яго спарадзіла. Самсон Самасуй быццам вылузаўся з рамана і забіў свайго стваральніка: пісьменнік быў рэпрэсаваны, высланы і памёр падчас вяртання на радзіму. Над загадкаю гэтага непатапляльнага персанажа літаратуразнаўцы б`юцца дагэтуль.
Cапраўднае імя Андрэй Антонавіч Шашалевіч. Брат драматурга Васіля Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча Шашалевіча і Ефрасінні Фамінічны.Маленькі Андрэй рана палюбіў музыку, навучыўся граць на віялянчэлі і разам з братам ня раз даваў канцэрты для аднавяскоўцаў. Васіль Шашалевіч, брат Андрэя, вядомы беларускі драматург, аўтар шэрагу арыгінальных, смелых па задуме п’есаў, падзяліў трагічны лёс брата, быў асуджаны ў 1936 годзе і загінуў у ГУЛАГу ў 1941 годзе, зажыва згарэў у Томасінглягеры.
Скончыў духоўную вучэльню і Магілёўскую духоўную сэмінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курсу (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 енісейскі полк. З 1918 да 1921 год у Чырвонай арміі, камандзір 345 роты 14 палка. Аднак, яго вайсковая кар’ера даволі хутка скончылася. Мрый захварэў на тыф і пасля хваробы быў накіраваны на Заходні фронт, адкуль у 1921 годзе быў дэмабілізаваны. У 1921—1926 гг. настаўнічаў у мястэчку Краснапольле (выкладаў гісторыю і францускую мову).
У 1923 годзе малады настаўнік гісторыі разам з братам і шваграм ствараюць першы ў раёне народны тэатар. На яго абуджэньне як асобы, грамадзяніна, патрыёта, а потым і пісьменьніка найбольшы ўплыў зрабіла ўзбуйненне Беларусі, у выніку чаго рэспубліцы ў 1924 годзе былі вернутыя пераважна этнічна беларускія тэрыторыі былых Віцебскай і Магілëўскай губэрняў. Сярод далучаных тэрыторыяў было і Краснаполле. Гэта дало штуршок творчым сілам, абудзіла ў людзей цягу да роднай мовы, культуры, гісторыі. У той жа час Мрый актыўна ўключаецца ў краязнаўчую працу, якой тады была ахоплена ўся рэспубліка, і пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Наш край» — органам цэнтральнага бюро краязнаўства. У 1926 годзе пісьменьнік пераехаў у Менск, дзе пачаў працаваць інструктарам у Цэнтральным бюро краязнаўства. У літаратурнай сталіцы ён застаў даволі напружаную абстаноўку ў сувязі з расколам літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк».
26 траўня 1929 году на чарговым штогадовым сходзе літаратурна-мастацкага аб’яднаньня «Узвышша» Андрэя Мрыя, як і яго малодшага брата Васіля, прынялі ў сябры згуртаваньня.
У 1934 годзе Мрый жыў у Менску, дзе працаваў у Бюро Краязнаўства, а таксама ў Тэрміналягічнай камісіі. Потым пачаў працаваць у газэце «Звязда».
У ноч з 21 на 22 лютага 1934 году ў Менску Андрэй Мрый быў арыштаваны. Падчас арышту прысутнічалі жонка, Зыкава Соф’я Андрэеўна, і дзеці — Юры (5 гадоў) і Артур (3 гады).
26 сакавіка 1934 году асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зняволеньня і этапаваны ў Карагандзінскі ППЛ. Пасля падачы апэляцыі Генэральнаму пракурору СССР 21 лістапада 1934 году тэрмін пазбаўленьня волі зьменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгальтарам да сьнежня 1937 году. У пачатку 1938 году прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной зь сярэдніх школ.
Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 году па новым абвінавачаньні «за ўдзел у антысавецкай арганізацыі». Асуджаны (праз дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакаранне адбываў у Карагандзе, у Валагодзкай і Мурманскай абласьцях. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасьць, напісаў раман з лягернага жыцьця «Жывы дом». 1 сакавіка 1943 году мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Памёр у Мурманскай вобласці. Паводле некаторых звестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6 студзеня 1961.
Публікаваўся з 1924 году. Са сваякамі стварыў у Краснапольлі тэатар; выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска». Збіраў народную лексыку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульту. У жніўні 1926 году выехаў у Менск, дзе на прапанову Зьмітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопісу «Наш край», потым інспэктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 году стыльрэдактар у газэце «Звязда». Сябра літаратурнага аб’яднаньня «Узвышша» (з 1929 году; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927 году).
У 1929 годзе напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасць» (
усё чакала калі будзе смешна ад гэтага, як пішуць крытыкі, сатырычнага раману, але напэўна зараз такія часы, што немагчыма яго чытаць і смяяцца, прынамсі ў мяне не атрымліваецца. галоўны герой (прайдзісвет і выскачка, па словах аўтара) настолькі страшна падобны да пачвараў сённяшняга сусвету ў Беларусі 2023га, што нічога акрамя бясконцай тугі не выклікае (бо праз сто гадоў мы зноў апынуліся ў тым жа самым).
але самае страшнае не ў самім рамане, а ў лісце Андрэя Шашалевіча Сталіну, які ў гэтым выданні таксама надрукаваны. фізічна балюча чытаць як чалавека было (і засталося?) лёгка абвінаваціць, выслаць ў лагер, паламаць яму жыццё, а галоўнае - як лёгка заставіць паверыць. менавіта _паверыць_ у тое, што твая кніга не мае ніякай каштоўнасці і ты вінаваты што ўвогуле такое напісаў; што твае калегі і знаёмыя сапраўды прызналіся ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, а цябе прыплялі памылкова; што савецкая ўлада і Сталін разбяруцца што праўда а што не, і пачуюць, і выратуюць. і раман тут толькі як пацверджанне таго, якой абсурднай ў сваёй жорсткасці была машына рэпрэсій.
Слухаў гэты твор у аўдыёфармаце — і, шчыра кажучы, ад першага да апошняга слова не мог адарвацца. Гэта сатыра такой выразнасці і дакладнасці, што нават не верыцца: ці не спісана яна непасрэдна з пратаколаў пасяджэнняў нейкага абсурдсавета?
Тое, як аўтар падкрэслівае бязглуздзіцу перыяду станаўлення савецкага рэжыму, уражвае. Першапачаткова я нават не ўсвядоміў, што перад мной — сатыра. Мяне сапраўды здзівіла, як такое магло ўвогуле выйсці ў свет. Але, як аказваецца, нічога і не трэба было прыдумляць: усё, што падаецца як гратэск, і было па-сапраўднаму.
Асобна закрануў эпізод з перайменаваннем вуліц. Як лёгка губляліся сапраўдныя, гістарычныя назвы — яны заменьваліся на прозвішчы тых, хто сёння на пасадзе. Памяць сцёртая, час заблытаны, а адчуванне маральнай апоры — страчанае. Усё ў імя «новага», без каранёў і гонару.
Самсон Самасуй — герой свайго часу. Прыстасаванец, хітрун, глытальшчык паветра начальства. Ён імкліва вучыцца лавіраваць паміж палітычнымі павевамі. Як толькі зразумеў, што трэба — у партыю, дык тут жа пачаў дзейнічаць. Асабліва паказальна паводзіны Самасуя, калі на лаву падсудных трапляе ягоны сябар — суддзя. Не вагаючыся ні на імгненне, Самасуй сам выступае сведкам абвінавачвання. Здаецца, яшчэ нядаўна разам абмяркоўвалі справы, а тут — ужо ў спіну нож. Вось ён, сапраўдны майстар выжывання ў сістэме: дзе трэба — схаваецца, дзе трэба — удар зробіць, не азіраючыся. Бо галоўнае — самому выплыць, а пра мараль можна падумаць потым. Калі застанецца час.
Асабліва ўрэзаўся ў памяць эпізод з вандроўкай у возе са старшынёй. Самасуй, каб паказаць сваю ідэалагічную пільнасць, занатоўвае «мудрыя» словы начальніка ў блакнот. Натуральна, нічога асаблівага з таго не выходзіць, але ж галоўнае — паказаць, што занатоўваў. Жэст важнейшы за змест.
Я заўсёды з цікавасцю звяртаюся да твораў пра ранні СССР. Тады яшчэ не пачаліся масавыя рэпрэсіі, таму людзі маглі дазволіць сабе болей адкрытасці. І таму якраз вельмі добра бачная прырода савецкай дурасці: калі адсутнасць цэнтралізаванай жорсткасці пакідае месца для самадзейнасці знізу — і ледзь не кожная ініцыятыва становіцца шкодай. Чаго вартая адна сцэна з аздараўленнем, дзе «на карысць здароўя» патапталі сялянскае жніво.
А службовае жыццё кіпіць: інтрыгі, намёкі, спаборніцтвы за месцы ў партыі, раманы, даносы, — сапраўдны міні-тэатр. Часам нават не ведаеш, то камедыя, то трагедыя.
«Запіскі Самсона Самасуя» — гэта не проста твор. Гэта дакладны і балючы рэнтгенаўскі здымак эпохі. Гэта кніга, што смешыць, а потым трывожна аддаецца дрыготай у грудзях. Я даведаўся, што існуе і экранізацыя — абавязкова паспрабую паглядзець.
Магчыма гэта добрая саціра, акая яскрава паказвае каміз “вядзення культурнай працы” у райцэнтры. Але саціра не мой улюблены стыль, мне было сумна і прыкра гэта чытаць.
Вельмі пацешная кніжка, якая з выключна беларускім пачуцьцём гумару, выкрывае ўроду адных з найнепрыемнейшых элементаў першых гадоў камуністычнага кіраўніцтва. Аднак ж, вядома, гэткія кадры існуюць і сяньня