Эксперт міжнароднай моўнай камісіі Марына Дамейка прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай, і зараз ёй патрэбна захаваць у спецыяльным архіве тое мастацтва, якое было створана на гэтай мове. Што яна паставіць на паліцы спецхрану? Каго назаўжды выкіне з гісторыі? Якім чынам на мёртвай мове можна будзе зарабіць мільярды даляраў? Ці з’явіцца ў памерлай мовы шанец? Гісторыя любові — да мужчыны, да літаратуры, да краіны — якая, на жаль, не можа скончыцца добра.
Даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца, настаўніца, грамадская актывістка.
Як гісторык літаратуры вывучае міжваенны перыяд беларускай літаратуры і сталінскія рэпрэсіі. Аўтарка мастацкіх і дакументальных кніг, першапублікатар архіўных матэрыялаў.
Лаўрэатка прэмій: - “Гліняны Вялес” (2017) за раман “Дзень святога Патрыка”, -“Празрысты Эол” (2018) за адкрыццё даты напісання аднаго з вершаў Алеся Дудара.
Шортліст прэміі Гедройца (2020) з раманам “Гасцініца Бельгія”.
Разам з братам Паўлам атрымала званне “Чалавек года” па версіі газеты “Наша Ніва” за асветніцкую дзейнасць (2019).
Кніга-агляд беларускай літаратуры ад філолага ў формах займальнага сюжэту і вялікай колькасці цікавостак. Па апісанні здавалася кніга будзе дэпресіўнай, а ў выніку я шмат разоў смяялася. Вельмі спадабалася, дзякуй спадарыня Ганна
Першы раман аўтара ўяўляе сабой пакручасты мікс з прыдуманага - антыўтапічнай гісторыі Марыны Дамейкі, якая займаецца стварэннем архіва літаратурнай спадчыны ужо аб’яўленай мёртвай беларускай мовы і рэальнага - асабістых успамінаў, мараў, рэфлексій самой Ганны Севярынец. На старонках, быццам блізкія нам сучаснікі, паўстаюць бясспрэчныя героі нашае літаратуры - Максім Багдановіч, Адам Бабарэка, Купала, Ларыса Геніюш і іншыя. Тут ёсць месца кранальнай гісторыі Лесі Украінкі і Сяргея Мянжынскага, праз тэкст праходзяць і Быкаў, і Бахарэвіч, і Брыль. Найбольшы вектар увагі, канешне, шчыра любімаму, а мо і каханаму, аўтарам Уладзіміру Дубоўку. Цікавая, не самая простая для чытання, напоўненая шматлікімі фактамі і падказкамі цікавячымся роднай культурай кніжка з, нажаль, недапрацаваным фіналам. Чытаў, на дзіва, доўга, нават перачытваў. Атрымаў задавальненне.
Зы. Калі ў Геніюшаўскай "Споведзі" галоўным і праходзячым праз увесь тэкст словам мне падалося слова "Шляхотны", то ў Ганны гэта бясспрэчна "Выкшталцоны".
Амаль кожная глава гэтага рамана разбівала мне сэрца. Спадзяюся, што мы ніколі не згасім свечку гісторыі нашай мовы і літаратуры, ніколі не пакладзем мову на паліцу. Так часта стаяў ком ў горле і слёзы ў вачах. Баліць, што столькі выпрабаванняў у нашых творцаў, у нашай мовы. Хацелася лепшай долі для ўсіх. Але не мы кіруем чужымі лёсамі. І ўсё ж ёсць радасць ад таго, што столькі прыемнага можа быць у жыцці, не гледзячы ні на што: і каханне, і творчасць, і тыя, хто падтрымаюць ў патрэбны час.
Пасля кожнай главы хочацца прыпыніцца. Падумаць, усвядоміць прачытанае, трохі пачакаць, пакуль эмоцыі ўлягуцца (як кажуць: трэба каб адбалела).
Канцоўка балючая, але можа гэта знак, што мова павінна жыць на вуснах і перадавацца, а не стаяць толькі на паліцах. Як ў Брэдбері: можна ўсё спаліць, але гэта не канец.
Вітаю неафіта ў нашым кніжным акопе! Такі маладзенькі, ружовашчокі, акрылены-неашчыпаны... поўны наіўных спадзяванняў, непамыснай адвагі і бурапеннага натхнення. На вуснах не абсохлі аматарскія рыфмы. З кішэні тырчыць яшчэ непрарэджаная абойма Ластоўскага. А плечы ўжо адцягвае цяжкі снарад Станкевіча.
Але як стары і грубы салдат моўнага фронту скажу табе як ёсць. Шанцаў у нас вобмаль. Гэта бой без надзеі на перамогу. Але калі цябе замілоўвае і вабіць эстэтыка тлену і дэкадансу, асуджанасці і безнадзейнасці, процістаянне разумным і паспяховым гэтага свету... на спарахнелыя каштоўнасці зважай!
Ой, как красіва па-беларускі гаварыце, учыцельніца, навернае?
Так, наш сённяшні камандор Ганна Севярынец - настаўніца. Яна перакінулася на наш фронт з стану рускай літаратуры (мы завербавалі сяго-таго! анягож) - і ў гэтым наша ўдача. Яна такі сабе стратэг, але моцны тактык. З тых рэдкіх, у якіх дзеці спяшаюцца прачытаць "Вайну і мір", каб было, пра што пагутарыць "за жыццё". Гадавальніца алімпіяднікаў, "высока матываваных" вучняў і неафітаў беларускасці. І яе "Дзень святога Патрыка" - замаскаваны дадатковы матэрыял па літаратуры для школьніка-алімпіядніка... высока матывавальная метадычка для навабранца.
Таму што большая частка кнігі - кранальныя гісторыі нашых палых аднапалчанаў, пісьменнікаў дваццатага стагоддзя ("школьных" класікаў і менш вядомых рэпрэсаваных), тое з біяграфій, што ўражвае і скарае, запамінаецца і ўлюбляе ў асобу - вярбуе! Гэтыя аповеды напісаны не столькі Ганнай, колькі самой гісторыяй, бязлітаснай сцэнарысткай, аматаркай... не, прафесіяналкай!.. саспенсу, трылеру і драмы. Яны не пакідаюць абыякавымі... прынамсі тых, хто не чуў іх раней. Неафіты беларускасці, го ўсе сюды!
Зачэм учыць этат беларускій. Эта мёртвый язык.
З гэтага і пачынаецца "Дзень святога Патрыка". З нашай надзённасці, з таго, што мы чакаем з дня на дзень і ў паўраспадзе чаго жывем: мова наша мёртвая і яе ўрачыста ды з пашанай трэба пахаваць - сабраць у вакуумную ўпакоўку для гіпатэтычных зацікаўленых нашчадкаў. Удалая фабула для вярбоўкі, то-бок літаратуразнаўчых разваг і папулярызацыі гісторыі пісьменства. Аўтарка чакана разважае "Колас vs Купала" ("Пушкін vs Лермантаў" - аналагічны псеўдавыбар у расейцаў) і пацешна, ды неабачліва выказваецца з нагоды сучасных ёй і нам пісьменнікаў: хваліць Бахарэвіча - ганіць Марціновіча...
Сумная жыццёвая іронія ў тым, што як гераіня мусіць сама-адна зрабіць выбар, што вартае захавання, так і ў штодзённасці мы ўвесь час сутыкаемся з нашымі фармальнымі аднадумцамі - па факце найгоршымі апанентамі, якія ведаюць усе болевыя кропкі. Беларусы - адзіночкі-рэйнджары - не схільныя да каманднай гульні. Бо калі ўжо беларус валодае беларускай мовай, дык ён пэўны, што толькі ён адзін ёй і валодае. Літаратура - гаючы лек, кожнаму свой - дапраўды ўдалая ідэя Ганны.
Тактык у вярбоўцы яна добры. Натуральная плынь тэксту, не спатыкальная, нязмушаная, няштучная гаворка. Прычым інтанацыі выяўна жаночыя, з прыдыханнем. Пара абзацаў пра падабенства кахання з зубным болем - цукерачка. Але ж як стратэг...
Нада гаварыць так, чтобы цібя панімалі. А то напрыдумываюць... Вот ёсць працэнт, зачэм прыдумалі какой-та аццотак?
Ну хто прапісвае ў рэкламнай анатацыі спойлер?! Навабранцам жа ў малодшай школе не казалі, што ўсё дрэнна. Іх заваблівалі аптымістычнымі абяцанкамі, гаючымі крыніцамі, ветлымі лялекамі... Хто захоча чытаць кнігу, пра якую наўпрост сказана "гісторыя... якая не можа скончыцца добра"? Я дык некалькі разоў адкладвала. Але выдыхніце. Некалькі баявых вылазак у сусветную літаратуру - і вы скеміце: насамрэч гэта не спойлер. Гэта штамп. Калі сюжэт пачынаецца з рэдкай бібліятэкі, сярэдняга ай-к'ю дастаткова, каб сцяміць, чым ён закончыцца. Праўда, градус драмы (451 па Фарэнгейту Цэльсію) зніжае наяўнасць інтэрнэту і электронных выданняў, але аплакваючы страчаны цэлюлозны рай, героі ані не ўспамінаюць пра гэта.
Наіўныя, можа, вы павяліся на альтэрнатыўны свет, намёк (у чужых водгуках) на антыўтопію? Забудзьцеся. Беларусы не любяць пісаць пра будучыню. Апісанняў новага свету не будзе. Дзеянне (з чаго ўвогуле зразумела, што гэта - будучыня?) адбываецца ў адным-двух пакоях. Ні палітычнай сістэмы, ні тэхналагічна-інфармацыйнага прагрэсу-рэгрэсу. Фантазіі няма за што зачапіцца. Наша роднае акопнае - вечныя флэшбэкі. Хоць у вёску, хоць у філфакаўскае юнацтва... Каму нецікава?!. А нават калі нецікава, разгаворчыкі тут!..
Часткі пра пісьменнікаў кранаюць і ўзрушваюць, як і асобныя асабістыя гісторыі аўтаркі. А навабранцы, можа, і не заўважаць, што астатні сюжэт даволі невыразны. Канфлікту, саспенсу, процістаяння, годнага... ды ніякага антаганіста няма. Процістаянне "прадаваць літаратуру - літаратура гэта эксклюзіў" нацягнутае, бясформавае. А вось дзіўныя наезды кшталту "што, дарэчы, не перашкодзіла яму потым прадаваць вышымаечкі і вышыкедзікі направа і налева" падаюцца састарэлай саўковай звычкай ганіць прадпрымальнікаў-"спекулянтаў".
Яшчэ адзін няснайперскі промах: "...Не бачна нашых рускамоўных пісьменнікаў на літаратурных небасхілах рускай літаратуры: раз-пораз мільгане, зазіхаціць зорачка - і да часу згасае" - тут аўтарка абышлася без прозвішчаў. А можа, яна сапраўды не рабіла вылазкі на тэрыторыю сучаснага патэнцыйнага праціўніка і не ведае надзвычай паспяховых рускамоўных творцаў-беларусаў: Жвалеўскага з Пастарнак, Грамыку з Дзёмінай... Ды каб я "да часу згасла" з такімі тыражамі і чытацкай любоўю.
А вот быў у міня дружок, он тожа сціхі пісаў на беларускам.
Каго не расчуліць лінія кахання з беларускамоўным паэтам?.. Мяне! Старога, бессардэчнага, грубага салдата. Мне нецікавае банальнае філалагічнае каханне (я ўвогуле не люблю меладрамы) без канфлікту ды мастацкай інтрыгі. І мяне, мякка кажучы, не замілоўваюць самазакаханыя беларускія "геніі" паэзіі.
Ну, можат гдзе ў дзярэўні яшчэ і гавараць на беларускай...
Асцярожна, паветраная небяспека! Атака "чужых" (раз ужо аўтарка не прыдумала будучыню, пафантазуем за яе). У нас ёсць зразумелая гераіня, якая ва ўмоўнай будучыні-нябудучыні збірае беларускую спадчыну і вяртаецца ва ўспамінах у сваю маладосць... І вось ні з поля ні з лесу з'яўляюцца часткі ад імя нявызначанай асобы. Што за таямнічая дублёрка? Шпіёнка?! На допыт. Яна жаночага полу, але не галоўная гераіня, бо мае адрозную біяграфію. Недзе згадана, што з галоўнай гераіняй "яна" вучылася разам. Болей перасячэнняў няма. Ну ясна, аўтарка ў прынцыпе мае права пісаць што хоча, і гэтыя аўтабіяграфічныя эпізоды напісаны зусім не пагана. Але ў агульнай кампазіцыі кнігі гэтыя часткі дзіўныя. Хто гэтая "я" для сюжэту? Якая яе роля ў фабуле? Варта было сутыкнуць яе з іншымі дзейнымі асобамі ці адкласці для іншай кнігі, дзе яна магла б праявіць сябе. (А вось, напрыклад, яна магла б быць суперніцай Марыны, гэткай не дужа таленавітай, але больш шчырай прасцячкай, і ў тыя філафакаўскія часы звесці Марынінага каханага, ён жа прападае некуды. А ў "будучыні" абвесціцца зноў - а можа, не яна, а яе сын - "тата, я твой Люк" - і справакаваць канфлікт, каб Марына сама знішчыла сэнс свайго жыцця.)
Мова нравится, но плохо знаю, поэтому не хочу портить красивый язык.
Я даўно адключыла баявы кібер-рэжым грамар-нацы. Далоў фюрараў пурызму. Вітаю шырокі лексічны дыяпазон мовы і не лічу ўважаю, што Станкевіч - юбер алес, а Ластоўскі прыдумаў свой слоўнік. Але памылкі ў кнізе пра смерць мовы - гэта такое вычварэнскае катаванне, адмысловы чорны гумар... Не выпадковыя абдрукі, не выбар са шматлікіх варыянтаў і не падступныя лінгвістычныя пасткі, вядомыя толькі самым з'едлівым рэдактарам. А тыя, якія бясконца разоў абгавораныя ў незлічоных публікацыях пра культуру мовы, якія сходу ловяць не толькі алімпіяднікі, але і троху менш матываваныя школьнікі (ва ўсялякім выпадку ў падручніках за сярэднюю школу процьма практыкаванняў для адпрацоўкі гэтых навыкаў). Можа, варта было і прамаўчаць, каб кніга не была пра смерць мовы. Ну тваю ж граматыку...
Вокладка, тытул, бібліяграфічнае апісанне: слова "святы" пішацца найчасцей з малой літары, з вялікай - у назвах храмаў (царква Святой Магдалены) і некаторых рэдкіх спалучэннях (Святая Троіца, Святы Дух); у спалучэнні святы Патрык, святы Пётра, святая Ганна (калі гэта не храмы) - літара малая. Кіраванне: "рагатаць над" - "рагатаць з", "у двух кіламетрах" - "за два кіламетры", "ехаць за тварагом" - "па тварог". Род: "адно аднаму" (дзве жанчыны), "абодвух" (асобы рознага полу) - не так ужо складана: жанчыны "адна адной", мужчыны "адзін аднаму", рознаполыя асобы, ніякі род "адно аднаму"; "утульным слодычам" - так, фабрыка печыва запусціла ў масы памылку з родам, але ж і пра гэта пісалі ўжо не раз, "слодыч" жаночага роду і калі ўжо магчыма да прысмакаў ужыць эпітэт утульны, то насалоджвайцеся "ўтульнай слодыччу". Відочныя русізмы: "праважаць" - "праводзіць"; "рушнікамі" - "ручнікамі" (у нас няма рускага прыпадабнення чн - шн), "с табой" - "з табой"; "ці ледзь не ўсё" - гэта з рускай "чуть ли не всё"?! Дык па-нашаму дастаткова "ледзь не ўсё", "ці не ўсё", інакш - лухта. Асаблівасці: "несумна" - "нясумна" (ну пачатковая школа - аканне-яканне), "дзяўчыны" - "дзяўчаты" (пра гэта ўжо тамы напісаныя, усе слоўнікі фіксуюць так), "віно пілася" - "віно пілося", "зацяжарыць" - "зацяжараць" (асабовыя канчаткі), "за спіной - за спінай" (русізм?), і як жа без брыдкіх дзеепрыметнікаў - "сыходзячыя". Выбар слова (я не звяртала ўвагі, чэсна, толькі пару самых яркіх): "пісьменнікі, паэты" - паэты таксама пісьменнікі, трэба "празаікі, паэты" або проста пісьменнікі; "пухнатыя пудынгі" - пухнатыя, то-бок пакрытыя пухам (цвіллю?!) кандытарскія вырабы, ешце самі, я хачу паронім "пульхныя".
Нада англійскій учыць. Эта больша перспекціўна.
"Днём святога Патрыка" свет не заваюеш. Не ўяўляю кнігу ў перакладзе. Вось "Мова" Марціновіча наднацыянальная. Уяўляю, як пікантна яна глядзелася б на ангельскай з гэльскімі ўстаўкамі або на нямецкай з яе мноствам дыялектаў. Штогод раю кнігу руска- і ўкраінскамоўным знаёмым - і, як правіла, атрымліваю станоўчыя водгукі (ці нейтральныя, але не адмоўныя). Яе разумеюць. Да "Мовы" ў мяне багата заўваг, яна не ідэальная, але прынамсі мае арыгінальную ідэю.
Я стары, грубы салдат моўнага фронту і пафас "мова мая дарагая" даўно мяне не кранае. Мне б вострага сюжэту і злой іроніі... Я не пакідаю сваёй бітвы ад таго, што ўсведамляю паразу. Але перакананая, сяго-таго ўсё яшчэ замілоўваюць і пафас, і згадкі пра філфакаўскую маладосць ці лета на вёсцы. Абяцаю, буду актыўна вербаваць знаёмую матываваную моладзь з дапамогай гэтай метадычкі. Упэўненая, "Дзень святога Патрыка" можа моцна закрануць і расчуліць. А галоўнае, выклікаць жаданне глыбей пазнаёміцца з старымі ваякамі беларушчыны і іх літаратурнымі трафеямі-набыткамі. Яны дакладна таго вартыя!
Ці можна напісаць кнігу пра ўсё беларускае? Можна! пра нашу родную мову і яе складаны лёс, пра беларускую літаратуру і яе стваральнікаў, пра жыццё. Мне вельмі адгукаецца гэта непадзяленне аўтара і яго твора. як можна не цікавіцца пісьменнікам і яго лёсам, як можна чытаць творы тых, хто табе як чалавек не падабаецца, ці глядзець фільмы, ці слухаць музыку, як гэта магчыма? Ніколі я не бачыла нашых беларускіх паэтаў такімі жывымі, як вачыма Ганны Севярынец. І выдуманыя героі кнігі такія складаныя, такія звычайныя людзі. Ці можа не выдуманыя, бо такія натуральныя. Сустракаліся ў маім жыцці такія Сямёнавы, і такі ён выразны ў кнізе, што аж падкідвала ад яго слоў. І такая кранальная гісторыя пра бабулю, быццам пра маіх. Я не ведаю як мне скончыць гэты водгук, бо хочацца пісаць і пісаць, так даўно мяне не чапляла кніга, каб хацелася я зноў перачытаць адразу як скончыла.
Хотіла відгукнутися білоруською, але, прочитавши ,як пані Ганна написала про нашу Лесю, пишу своєю рідною. Майстерно сплітаючи вигадане з реальним, авторка відкрила незнаний для мене світ білоруської поезії. Вона з такою любов'ю, таким болем пише про рідну землю, рідну літературу, що подекуди проймає до сліз. І не дай Бог статися цьому: "Апошняя кніжка, пасля якой мова померла".