Слухаў кнігу ў аўдыёфармаце.
Вельмі хацелася пазнаёміцца з першым вялікім творам Уладзіміра Караткевіча. Толькі пасля даведаўся, што раман шмат у чым аўтабіяграфічны. Гэты твор спадабаўся мне менш за астатнія раманы Караткевіча, але я бачу яго як першы буйны літаратурны эксперымент, у якім аўтар намацваў свой стыль. Першая частка твору — «Паром на бурнай рацэ», якая часта прадстаўляецца як асобная аповесць, мне падаецца менавіта той вехай, якая замацавала беларускі гістарычны стыль Караткевіча. Вакол гэтай плыні будуць круціцца шмат якія яго наступныя творы. З гэтай першай часткі засталося адно ўражанне: ну і паскуда ж гэты Мураўёў. Недарма атрымаў мянушку Вешальнік.
Далей твор пераходзіць у фармат эмацыйнага апавядання, дзе шмат увагі прысвечана каханню галоўных герояў. Гэта не дэтэктыў, як многія наступныя творы Караткевіча, але тут таксама багата прыгод, апісаных цікава і дынамічна.
Мяне вельмі ўразіла адно прадказанне ў творы. Раман быў напісаны ў 1962 годзе, і першае каханне галоўнага героя скончылася вельмі трагічна: у жудаснай аўтакатастрофе загінула яго жонка. Абставіны гэтай аварыі вельмі нагадваюць смерць Пятра Машэрава, што адбылася дваццаць гадоў пазней, у 1980-м. Аўтар вельмі чулліва апісаў адносіны галоўнага героя, Андрэя Грынкевіча, з бацькамі загінулай жонкі — яны паказаны цёплымі і чалавечнымі. Месцы, адкуль яна паходзіць, апісваюцца дэталёва і прыгожа. Андрэй нават думае прывезці на рэабілітацыю ў тую мясцовасць сваю новую каханую — Ірыну Гораву.
Мастацкія курсы, якія Андрэй наведваў у Маскве, дзе Ірына была яго выкладчыцай, выклікалі ў мяне дваістыя адчуванні. Уся група студэнтаў ездзіла па розных мясцінах вакол Масквы, каб пабачыць помнікі мастацтва і архітэктуры. Часта гэта былі проста старыя цэрквы. І тут узнікае дысананс: савецкая ўлада сама ж развальвала і знішчала храмы, а потым накіроўвала студэнтаў іх аглядаць. З цягам часу прыйшло разуменне: каб ствараць мастацтва, трэба бачыць мастацтва. Але новыя творы будуць, безумоўна, абмежаваныя савецкай цэнзурай. Дарэчы, нават сам раман мае дзве назвы. Чытаў, што «Леаніды не вернуцца да Зямлі» былі забракаваныя з-за імя тагачаснага старшыні ЦК КПСС Леаніда Брэжнева.
Вельмі цікавым персанажам мне падаўся сябра Андрэя — латыш Вайвадс. Асабліва ўразіла заўвага, што Вайвадс жыў недалёка ад мяжы з Беларуссю і разумеў мову. А вось з іншага боку — ніякага паразумення з латышскай не было. Сам Вайвадс таксама цікавы тыпаж: жонка вось-вось народзіць першанца, а ён едзе на курсы ў Маскву. Нейкія дзіўныя прыярытэты… Магчыма, гэта проста адлюстраванне свайго часу, калі роды і дзеці лічыліся чыста жаночай справай, а мужчына мусіў дбаць найперш пра працу і кар’еру.
Яшчэ адзін момант, які вельмі моцна запомніўся, — бойка Грынкевіча са Стаўровым. Аўтар апісаў яе настолькі ярка, што чытач адчувае сябе быццам сведка. Здаецца, сцэна напісаная з уласнага вопыту. Гонар — штука такая, што часам яго даводзіцца бараніць кулакамі. І сапраўды, раней гэтае паняцце было куды больш важным, чым цяпер.
Адносіны галоўных герояў нагадваюць арэлі: хістаюцца ў розныя бакі. Здаецца, вось-вось распальваецца — і стоп. Андрэй даведваецца пра смяротную хваробу Ірыны, і зноў усё мяняецца: прагрэс, надзея, а потым — абрыў. І абрыў такі, што Андрэй ледзь не сканчае жыццё самагубствам. Потым з'яўляецца муж Ірыны… а можа, і не зусім муж, проста сужыцель. Проста жывуць разам. Кахання няма, ёсць толькі павага. Чалавек побач, каб ёй спакойна было дажыць. Мне падаецца, што аўтар хацеў праз доўгія апісанні адносін паказаць, што значыць вырываць чалавека з рук смерці — як гэта цяжка, праз што трэба прайсці. Андрэй усё ж выратаваў Ірыну, але быць разам ім было не наканавана.
Пасля такога канца здаецца, што Караткевіч вырашыў: творам патрэбны happy end. Канец раману мяне вельмі эмацыйна крануў, але і расчараваў. Магчыма, такім чынам аўтар паставіў кропку і ў сваёй памяці — у адносінах з настаўніцай мастацкіх курсаў у Маскве, якія, як вядома, ён сам калісьці наведваў.
Чытаецца раман вельмі цікава. Аўтар яскрава апісвае падзеі, адчуванні, людзей. Цяжар у адносінах герояў займае вялікую частку апісанняў. Часта хочацца хутчэй даведацца: што ж будзе далей? Гэтае знаёмства з першым вялікім творам аўтара атрымалася вельмі насычаным. Раман цяжка параўноўваць з наступнымі, але ён добра адлюстроўвае ўсе творчыя пошукі і эксперыменты Караткевіча.