Жыццё як імправізацыя
Самый мир представлялся мне девушкой-красавицей, которая приковывала к себе мое внимание своим умом, красотой, грацией, словом, всеми своими и внутренними, и внешними достоинствами. Но вот сапожник кричит мне: "Обратите же внимание на ее башмаки! Какова работа! Это ведь главное!" Модистка же настаивает: "Нет, главное - это платье! Взгляните только на покрой! Займитесь одним платьем! Вникните в его цвет, изучите его основательно!" - "Не то! - перебивает парикмахер. - Вы должны разобрать ее прическу!" - "Главное, однако, ее речь!" - вопит в свою очередь филолог. "Нет - манеры!" - не соглашается танцмейстер. "Господи Боже мой! - вздыхал я. - Да меня привлекает в ней все вместе! Я вижу все эти отдельные красоты, но не могу же я в угоду вам сделаться сапожником или портным! Мое призвание - чувствовать и познавать красоту в целом! Не сердитесь же на меня за это и не осуждайте меня, люди добрые!"
Малевіч вядомы супрэматызмам. Пікаса кубізмам. Андэрсэн казкамі.
Як вычварную цікавостку прагна разглядаем дыпломную працу Пікаса, дзівімся яе несучаснасці (коснасць), класічнасці (перайманне), спрабуем знайсці адыходжанне ад правілаў, прадбачанне будучага бунту. І тлумачым сабе, што карціна не такая каштоўная. Яна занадта звычайная, не вылучае аўтара.
Андэрсэн - і сапраўдны дарослы раман?.. Відаць, ён з ім не справіўся, таму і звярнуўся да мініяцюраў-казак. Раман як вучнёўства? Раман як "распісванне асадкі"? Юнацкае жаданне праславіцца вялікай формай, як папярэднікі? Мы не хочам ставіцца да яго сур'ёзна, як сучаснікі Андэрсэна - да яго казак. "Дыпломная праца"?..
Мне падаецца, што - больш. І калі ўжо я-чытачка выступаю экзаменатаркай, то аўтар перада мной экзамен здаў.
"Імправізатар" сапраўды падаецца экзаменацыйнай працай. Калі не бездакорнай ці геніяльнай, то прынамсі здадзенай на выдатна.
Мастацтвазнаўства. Літаратура. Геаграфія. Прыгожае пісьменства. Поўны гуманітарны курс. Натуральна ўведзеныя ў сюжэтную канву развагі пра музыку, народную і оперную (італьянскую, не абы якую!), скульптуру, жывапіс (разгляданне роспісаў Мікеланджэла), паэзію. Усё аформлена займальным сюжэтам з пярэстымі тыпамі герояў і непрадказальнай канцоўкай (далібог, я была пэўная, што будзе драма). Падарожжа па Італіі, агляд яе дастапомнасцяў намаляваны так нязмушана, як не зрабіла гэтага Сельма Лагерлёф з дзікімі гусямі. Але мне найбольш цікавае майстэрства Андэрсэна літаратара. Таму падрабязней пра тэкст.
Выдатна вытрыманы баланс персанажаў. У першую чаргу гэта гісторыя аднаго маладога чалавека, яго шлях, станаўленне, перажыванні, гісторыі дзяцінства і юнацтва, закаханасці. Але няма хваробнай зацыкленасці на сабе (раман аўтабіяграфічны, але далёкі ад саліпсізму "споведзі" Русо). Не зашмат іншых персанажаў з рознымі характарамі і адметнасцямі. Усе персанажы граюць сваю ролю ў сюжэце. Іх лініі пераплеценыя. Можа, адпаведна свайму часу зашмат "раманных" сентыментальных паваротаў. Аднак многія вырашаюцца цалкам рэалістычна (выпадковы стрэл не забівае, а раніць; непаразуменне паміж закаханымі прыводзіць да іх расстання; дзяўчына, якую з дзяцінства выхоўвалі як манашку, манашкай і становіцца; смерць каханай апынаецца гарачкавым трызненнем). Містыка прысутнічае, але гэта хутчэй містычнае захопленае ўспрыманне свету юнаком.
Я цалкам паверыла ў рэальнасць галоўнага героя - "Ваша удивительная невинность, неопытность и наивность заразительны": ягоную няўпэўненасць і адначасова пэўнасць у таленце, наіўнасць, а праз колькі гадоў шкадаванне што наіўнасць абмежавала ў нейкіх пачуццёвых шанцах; роспач і хваробную ўважлівасць да таго, як, кажучы па-сучаснаму, гнабяць яго апекуны; слабасць, мяккасць, няздольнасць да адкрытай барацьбы. Я блытаюся з аднясеннем тэксту да нейкага літаратурнага стылю: не класіцызм, не рамантызм, яшчэ не рэалізм...
Ёсць шмат характэрных рысаў эпохі: акрамя сентыментальных калізій - адсылкі да біблійных тэкстаў ("ён другі Іосіф" - маецца на ўвазе Іосіф, сын Якава, прададзены братамі, якога безвынікова спакушала дачка скарбніка), містычныя сненні. Аднак кніга вельмі адгукалася пазнаваннем, надзённасцю: самарэалізацыя (жаданне ствараць так, як хочацца, а не як патрабуе публіка), залежнасць ад меркавання іншых, нават такая інтымная тэма, як сэксуальнасць, мякка, завуалявана абмяркоўваецца ў першай кнізе "казачніка" (сорам за сваю недасведчанасць і адначасова жаданне ісці за ўласнымі меркаваннямі ў гэтай тэме, уласнымі марамі і пажаданнямі, адрознымі ад прынятых у аднагодкаў).
Герой не паўстае супраць грамадства, хоць і пакутуе ад многіх яго ўстановак. Тэкст набрынялы такой шчырай перажытай горыччу (горыч - вось відочны аўтабіяграфізм "Імправізатара"), што я сама раблюся няўпэўненым у сабе фантазёрам (дык гэта ж я і ёсць), якому баляць пасмешкі, абясцэньванне навакольных. Мінулай літаратуры належаць канфлікцікі знешнія паміж персанажамі - героямі класічнай камедыі дэль-артэ: прыгажуня, ваяр, П'еро, дабрачынная дзяўчына, спакушальніца, суровы апякун. Не абдываецца канфлікту рамантызму, які тагачассем якраз убраецца ў сілу і квітненне, - канфлікту між героем і грамадствам. Але яскрава гучыць канфлікт нашых дзён, прадбачаны аўтарам (то-бок агучаны) - канфлікт унутраны, разрыў між удзячнасцю дабрачынцам і жаданнем самасцвярджэння, цнатлівасцю (сарамлівасцю) і жарснасцю, канфлікт творцы, які баговіць свой талент і гатовы знішчыць свой твор у прыступе саманянавісці.
"Чувство, чувство! Не оно показывает истинного поэта! Что значит и вся эта игра воображения? Одно метание туда и сюда! Сила и не в мысли даже, а в рассудочности, уравновешенности, в золотой уравновешенности! Поэт не должен увлекаться своей темой! Он должен оставаться холодным как лед; он должен рассечь свое детище на части и каждую часть рассмотреть отдельно! Только таким образом можно создать истинно художественное произведение! Вся же эта горячка, скороспелость и восторженность — ни к чему!"
Сёння мы скажам: "Дык гэта лінія Моцарта - Сальеры!" Але Пушкін напісаў паэму ўсяго пару гадоў таму і наўрад ці яна была перакладзеная.
Алгебра хоча набыць красу генію, але жыццё толькі дражніцца, здалёк паказваючы свае вабноты - "не прадаю - паказваю" фата-маргану. І матэматыка таленту зайздросліва паглядае зводдаль на "прыгожае".
Дзіўная назва "Інтэрпрэтатар". Я раней не сустракала згадак пра такі від мастацтва. Без сродкаў аўдыя-, відэафіксацыі яно найбольш эфемернае. Найтрапнейшы вобраз таленту як такога. Максімальна няўлоўны, яго немагчыма закаркаваць, падрыхтавацца да яго, падзяліцца ім з непрысутнымі. Ды ці ёсць ён увогуле, гэты талент?.. Шчырасць - вось геній героя Андэрсэна, шчырасць ламае дэтэрмінізм класавасці, зададзенасці свецкіх звычак. Шчырасць ва ўсіх рухах пачуцця героя - гэта ёсць імправізацыя. Што наша жыццё, як не імправізацыя?!
"...наш собственный земной мир со всеми своими явлениями, начиная с произрастания семени цветка и кончая проявлением нашей бессмертной души, лишь ряд чудес".