Настальгія не дае душы ачарсьцьвець. Яна жывіць душу болем. А балючая душа кідаецца, як у вір, у паэзію. Гэтак ужо склалася ў жыцьці літаратуры, што ва ўсе стагодзьдзі самыя прачулыя й разумныя паэмы й нізкі вершаў ствараліся ў выгнаньні. Адразу ж сам сябе папраўляю, не ствараліся, а дыктаваліся паняй настальгіяй. Гэтай пані звыкла прымаць вянкі санэтаў, трыпціхаў, лірычных споведзяў. Зянон у сваёй новай кнізе паэзіі і спавядаецца, і смуткуе, ганарыцца годнай прошласьцю Вялікага Княства, дзе: „Вышэй сьмерці ставіць гонар / Шляхціч польны беларускі”.
Зянон Станіслававіч Пазьняк (нарадзіўся 24 красавіка 1944 году, в. Суботнікі Іўеўскага раёну, цяпер Беларусь) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Мартыралёгу Беларусі, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, археоляг, мастацтвазнавец, празаік, паэт. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981). Аўтар амаль сотні навуковых, палітычных і культураляґічных артыкулаў, выдаў звыш за дзясятак кніг і брашур.