Кажуць, што беларусы ад расейцаў адрозніваюцца тым, што ў іх “можем повторить”, а ў нас - “ніколі зноў”. Дык чытаючы Быкава разумееш чаму так. Бо Быкаў - гэта пра працэс, а не пра канец. І калі канец хутчэй за ўсё шчаслівы, дык працэс заўсёды жудасны. І хаця Быкаў напэўна адзін з тых, чые творы вінаватыя ў тым, што беларускія школьнікі ў беларускай літаратуры бачаць толькі вёску і вайну, але Быкава трэба ўводзіць унутрывенна падлеткам, каб не было ніякіх “можем повторить”.
Чытаць яго мне вельмі цяжка. І я раблю вялізныя перапынкі паміж яго творамі. І вось я вырашыў перачытаць Знак бяды.
Ох. Цяжка. Усю кнігу абураешся і думаеш, калі ж адмоўныя героі зрэшты ў лыч атрымаюць. І яны не атрымаюць. Можа быць, менавіта гэта безнаказанасць на кароткім прамежку часу і робіць кнігі Быкава такімі балючымі. Але тое ж самае робіць іх жыццёвымі, сапраўднымі. Насамрэч, спадзяванні на лепшае аўтар дае, але недзе там, далёка ў будучыні, не цяпер. А цяпер чытай пра жорсткае жыццё. І мне здаецца, адчуванне болі без аніякай радасці ад помсты і выхоўвае ў чалавеку “ніколі зноў”. Яшчэ раз: усім трэба чытаць Быкава абавязкова.
Што тычыцца непасрэдна гэтага твору, то было б вельмі цікава яго пачытаць, калі б ён быў напісана не пад цэнзурай. Спачатку было вельмі моцна апісана, чаму з’явіліся паліцаі, а вось скончылася гэта ўсё гарэлкай. Цікава, ці вымушаны быў так напісаць Быкаў альбо так было ў першапачатковай задуме.
Вядома ж, чытаць Быкава варта не толькі за жорсткасць, але і за натуральнасць. Шмат разоў, прачытаўшы тую ці іншую сцэну, адзначаеш сабе, што менавіта так сябе людзі і паводзяць. Асабліва я расперажываўся за Петрака і ягоную скрыпку: як ён яе купіў на ўсе грошы, а жонка лаяла яго за гэта (ды заўсёды так бывае, ну), потым як ён цешыўся, што выратавыў скрыпку (і зноў жа Антаніна яго не разумела, тая ў першую чаргу думала пра парсючка), і як ён пайшоў мяняць тую скрыпку на змеявік (тут я ледь не заплакаў).
Дый увогуле, вельмі смела было пісаць, што ўсе беды былі праз атрыманае чужога задарма. Простае асуджэнне калектывізацыі. Не зямлю яны атрымалі, а Галгофу.