У рамантычнай, жорсткай і дасціпнай кнізе Людмілы Рублеўскай “Сутарэнні Ромула” чытача чакаюць падарожжы ў часе, дэтэктыўныя расследванні, каханне, дзеля якога варта памерці, і запаветная краіна Альбарутэнія. Як трапіў прафесар Скаловіч з засценкаў НКВД 1937-га ў дом ля Кальварыйскіх могілак 2000-га? Чаму супрацоўніца выдавецтва Арсенія Вяжэвіч, як дзве кроплі вады, падобная да графіні на партрэце XIX ст.? Ключом да якой старажытнай таямніцы быў рассечаны напалам срэбны кубак? Чытач будзе смяяцца і плакаць над неверагоднымі лёсамі герояў, якія спрабуюць захаваць чалавечую годнасць сярод найгоршых пакутаў і выпрабаванняў.
Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, сапр.: Людміла Іванаўна ШНІП (нар. 5 ліпеня 1965, Мінск) — беларуская паэтка, пісьменніца, літаратурны крытык.
Нарадзілася ў сям'і служачых. Жыве ў Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Працавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала ў газеце «Наша слова», часопісе «Першацвет». З 1996 працавала ў аддзеле крытыкі, з 2002 — рэдактар аддзела літаратуры штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер аглядальнік аддзела культуры газеты «Советская Белоруссия». Член СП СССР з 1990, сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Першы верш надрукавала ў 1983 (газета «Знамя юности»). Аўтар зборнікаў «Крокі па старых лесвіцах» (паэзія, 1990), «Адукацыя» (паэзія, 1990), «Замак месячнага сяйва» (паэзія), «Старасвецкія міфы горада Б» (проза, 2002), кнігі казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), аўтар аповесцяў «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Плябанскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Першы запавет» і інш. Друкуецца ў рэспубліканскіх выданнях.
Неверагоднае перапляценне лёсаў двух родаў Корп-Варановічаў і Вяжэвічаў напрацягу падарожжа ў часе. Спачатку не выклікала ніякіх кранальных пачуццяў, але развязка таямніцы ўразіла магутна. Людзі-прататыпы для новага рамана таленавітага пісьменніка Вячкі Скрыніча наяве пражываюць падзеі, якія аўтар укладвае ў тэкст і дазнаюцца таямніцы сваіх родаў. У рамане ёсць легенды мінуўшчыны, савецкі час і сучасныя выклікі Беларускай дзяржаўнасці.