Слухаў кнігу ў аўдыёфармаце.
Я не аматар паэмаў, але гэты твор спадабаўся. У ім шмат дзеяння. Адчуваецца, што часткі твора пісаліся паасобку і ўжо пасля былі "сшытыя" ў адзінае цэлае. Пераходы паміж часткамі часам выглядаюць занадта рэзкімі і незвычайнымі. Асабліва мяне зачапіла апісанне хлопчыка, які не такі, як усе, хто не загнаны ў вясковую руціну. Але менавіта гэта і робіць яго жыццё поўным пакутаў.
Героі твора вельмі празаічныя. Жабрак, які радуецца магчымасці далучыць хлопца да сваёй справы. Хлопчык малы, ды яшчэ і так добра грае на скрыпцы — проста скарб для жабрака. Але купіць новую кашулю на заробленыя грошы? Ні ў якім разе! Які ж ты пасля гэтага жабрак? Далей — яўрэй, які "прытуліў" хлопчыка ў сваёй карчме. Цікава, што ўжо ў некалькіх творах Коласа прасочваюцца пагардлівыя адносіны аўтара да яўрэяў. Магчыма, гэта сапраўды адлюстроўвае народныя настроі тых часоў. Асабліва запомніўся момант, калі хлопчык збёг ад яго і на развітанне даў дзве пстрычкі рабіну, намаляванаму на карціне, што вісела на сцяне.
Апошняя частка, калі хлопчык жыў у багатага пана, таксама выклікае шмат думак. Ён хацеў вучыцца грамаце і музыцы, але, як сказаў капельмайстар: "Ты — мужык. Маеш дзе спаць і што есці — і будзь рады!" Не зусім зразумела, навошта тады трэба было тры гады заставацца ў пана.
Раю гэты твор. У кароткім змесце яго вельмі цікава пераказваць дзецям. У паэме шмат яскравых момантаў і пераходаў, якія добра запамінаюцца.