Пажыўшы ў Гародні, Варшаве і Вільні ды размаўляючы на мовах гэтых краін, нямецкі гісторык і падарожнік Фелікс Акерман прапаноўвае ўнікальную перспектыву нашага кутка Еўропы. І паўсюль ён бачыць стракатае шматмоўнае асяроддзе, якое трошкі адрозніваецца ад літоўскіх, беларускіх і польскіх мараў.
Чытачы ўбачаць, як Фелікс здае экзамен на кіроўніцкія правы, працуе ў Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце, вучыць літоўскую мову, парыцца ў лазні ды абмяркоўвае з мясцовымі жыхарамі, якою яны бачаць будучыню краіны і рэгіёну. У аўтарскія замалёўкі ўплеценыя гісторыі беларусаў, літоўцаў, габрэяў, караімаў, прусаў, немцаў, брытанцаў, сірыйцаў – і з гэтай мяшанкі паўстае неадназначны, але бліскучы вобраз сучаснай Еўропы.
Цікавы мазаічны аповед: шмат унутранай кухні ЕГУ, доўгі шлях да пасведчання кіроўцы, занатоўкі пра вывучэнне літоўскай мовы і ўвогуле моўнае пытанне ў Літве. Дзеці, пераезды, гісторыя, урбаністыка, габрэі, архівы, развагі пра Еўразвяз і яго бюракратыю... Калі вучыліся ў ЕГУ ці жылі пэўны час у Вільні - раю дакладна :)
Цікавая кніга, думаю больш спадабаецца людзям з досведам у эміграцыі. З слабога, гэта частка пра канфлікт з ЕГУ, дзе аўтар губляе оптыку назіральніка + думаю, што гэта мала каго цікавіць, у параўнанні з іншымі часткамі кнігі