Новая кніга Максіма Жбанкова — суплет пярэстых (стылістычна і моўна) тэкстаў, аб’яднаных агульнай тэмай: айчынная культура мінулага дзесяцігоддзя і яе падставовыя праявы. Аўтар, як заўжды, аджыгае ды інцярэснічае. Шукае кідкія маркеры для персон і сітуацый. Пазначае паходжанне новых герояў і даследуе тэхнікі беларускага поспеху. Тлумачыць адхіленні і паталогіі. Запрашае да спрэчак і нязгоды. Адбудоўвае прастору крытычнага мыслення — для тых, хто хоча большага і робіць нечаканае.
Кніжка Максіма Жбанкова "з мінулага жыцця" "каб зразумець, што з намі здарылася". Дарэчы акурат гэтага і не атрымалася. Хованкі - сапраўды беларуская нацыянальная гульня. Мабыць таму і так складана зразумець. А вось атрымаць асалоду ад аўтарскага фрыстайла па хвалях вобразаў ды метафар і счытаць выдатныя культурныя "гіперспасылкі" - лёгка і прыемна.
З кнігі даведаўся пра нядаўнія культурныя падзеі. Што мяне цікавіла, часткова атрымаў тлумачэнне прычын неадназначнага стаўлення да аднаго вядомага пісьменніка.