Гэтыя тэксты – спроба ўратаваць знакі часу ад знікнення ў хаосе сучаснасці, смелае намаганне вырваць нерасказаныя гісторыі з цемры забыцця. Таня Скарынкіна ўпісвае ў космас свой малы свет, яна і назіральніца, і ўдзельніца, і нястомная калекцыянерка штодзённага цуду. Непрыкметная на першы погляд Смаргонь гаворыць унікальным Таніным голасам – і робіцца літаратурай. А значыць, кідае выклік лёсу: дробнае ў ёй робіцца важным, вялікае – смешным, смешнае – кранальным і нават трагічным; усё асуджанае на знікненне атрымлівае ў яе кнізе апошні шанец – і ажывае… / Альгерд Бахарэвіч
Мне падабаецца наяўнасць трасянкі. Трасянка, як і расказвала неяк аўтарка, перадае асаблівы каларыт Смаргоншчыны. Пачытайце, несмаргонцы, і будзеце ведаць якія ў Смаргоні жывуць класныя людзі!
Вельмі незвычайным чынам аўтарка складае свае гісторыі, абапіраючыся на выпадковыя супадзенні і натуральны ход успамінаў людзей, з якімі ёй даводзіцца размаўляць. У выніку некаторыя эсэ мяне цікавілі і краналі больш, іншыя менш, але ўвогуле я рада, што гэтую кнігу прачытала.
Вельмі спадабалася аўдыёверсія. У ёй пэўныя фрагменты чытае сама аўтарка, і гэта набліжае гісторыі персанажаў да чытача. Быццам і ты прысутнічаеш пры размовах Тані са сваімі героямі. Дужа раю!
пасля чытання ў галаве белы шум, нібы прыйшла з нейкага вялікага свята, дзе толькі і слухала кавалкамі чужыя размовы. і, здаецца, дзе-нідзе неблагі матэрыял, але напісана так, што напрыканцы кожнага аповеду я забывалася і з чаго ён пачаўся, і да чаго гэта ўсё ўвогуле. аскепачкамі сабраўся плыткі вобраз Смаргоні з гэтых гісторый, вялізная сетка родных і знаёмых (і іх родных) аўтаркі, і нават на ўзроўні пачуццяў склалася нейкае ўражанне ад кніжкі, але ўсё разам чамусьці не зайшло. шкада, але што паробіш - так бывае.
Негледзячы на невялікі памер кніжкі, сапраўды цікавымі і кранальнымі была прыкладна палова гісторый. У любым выпадку, пагрузіцца ў штодзенннае жыцце звычайнага беларускага райцэнтру, знаходзячыся за мяжой, было прыемна.
Я была ў Смаргоні мо адзін раз, а сваё дзяцінства правяла ў Паставах, таксама райцэнтры. І так шмат падобнага ў кнізе знайшла, і так шмат пра каго з людзей узгадала, і пашкадавала, што не ведаю пра свой род і пра свой горад столькі ўсяго колькі аўтарка, гэта для мяне адначасова і сумна, і натхняльна. Сама ж кніга разліла ўнутры цяпло, нібы я на сямейным застоллі пасядзела і паслухала гісторыі пра жыццё.
Кніга складаецца з апавяданняў, гісторыі для якіх аўтарка збірала па сябрам, знаёмым, родным.
Мне апавяданні адгукаюцца цяплом, нібы я слухаю гісторыі сваіх родных. Мне і самой захацелася занатаваць свае цікавыя гісторыя на памяць, бо ўсё забываецца з часам.
Мяне зацікавіла кніга і тым, што Смаргонь, для мяне - гэта не проста нейкі гарадок Беларусі, а райённы центр, дзе жыла мая бабуля, таму я трохі ведаю яго, і я з цікаўнасцю чытала гісторыі пра горад (пра яго цікавосткі).
Кніга чытаецца лёгка і прыемна. Некаторыя гісторыі (апавяданні) кранаюць больш, некаторыя меньш. Але калі вас не вельмі цікавяць гісторыі з мінулага (простыя сямейныя і сяброўскія гісторыі) і гісторыі пра невялікі беларускі гарадок, то напэўна гэта кніга не для вас. Калі ж наадварот, то смела чытайце.