У ваколіцах завулка Калініна дзеецца нешта незразумелае. Чаму Алесь не паспявае выканаць на кантрольнай усе заданні? Хто зламаў любімы зэдлік Жан-Жаха? І чаму ў горадзе пахне грыбамі? Калі загадак робіцца занадта шмат, кату Шпроту і яго сябрам, прывідам Мары, Жан-Жаху і Зязюлі, застаецца толькі адно – выправіцца на пошукі разгадак. І яны прыводзяць іх да вежы гадзіннікавага завода.
Рэдактар – Уладзь Лянкевіч. Чытае Мікалай Стонька. Гукарэжысёр – Мікалай Панцыльюш / Mikołaj Poncyljusz. Музыка – Аляксей Варсоба / Alexey Vorsoba, Мікалай Панцыльюш / Mikołaj Poncyljusz, Рэй Дыкаты / Ray Dickaty, Джон Корнэл / John Cornell, Дамінік Макжэўскі / Dominik Mokrzewski. Аўтарка вокладкі – Лілія Давыдоўская.
Кніга напісаная ў межах стыпендыяльнай праграмы міністра культуры «Gaude Polonia» / Książka została napisana w ramach Programu Stypendialnego Ministra Kultury «Gaude Polonia».
Ганна Янкута нарадзілася ў 1984 годзе ў Гародні. Выпускніца філалагічнага факультэта БДУ (беларуская філалогія), магістр філалагічных навук (ангельская літаратура). Магістарскую дысертацыю абараніла па творчасці Айн Рэнд (Ayn Rand).
Лаўрэатка конкурсаў маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009) і Чэслава Мілаша (2011), арганізаваных Беларускім ПЭН-цэнтрам, а таксама конкурсу „Экслібрыс“ (2012, Саюз беларускіх пісьменікаў). Лаўрэатка прэміі часопіса „ПрайдзіСвет“ у намінацыі „Публікацыя ў часопісе „ПрайдзіСвет“ за 2009 год (за пераклад першай часткі „Каляднага харала“ Ч. Дыкенса і паэзіі Ф. Пэсоа, А. Э. Хаўсмэна і Я. Я. Слаўэрхофа). Пераклады друкаваліся ў часопісах „Дзеяслоў“, „ARCHE“, газеце „Літаратурная Беларусь“.
Пераклала на беларускую мову шэраг паэтычных і празаічных твораў Эдгара Алана По, якія ўвайшлі ў зборнік „Маска Чырвонае Смерці“ (у 2012 годзе калектыў часопіса „ПрайдзіСвет“ быў адзначаны за гэтую кнігу прэміяй ім. М.Багдановіча „Дэбют“), паэму „Свет“ Чэслава Мілаша (разам з А. Ф. Брылём і К. Маціеўскай; „Выратаванне“, Логвінаў, 2011), а таксама шмат іншых твораў. Перакладае з ангельскай, польскай, афрыкаанс, нідэрландскай.