Слухаў пенталогію ў аўдыёфармаце.
Мне вельмі спадабаўся твор. Нечакана для напісанага ў савецкі час твора, былі узняты вельмі балючыя пытанні. Напрыклад, такія як непадрыхтаванасць войска да вайны, пустыя чаканні, што вось вось пагонім ворага назад, разгубленасць людзей ад хуткай акупацыі, а таксама вельмі цяжкі галодны пасляваенны час.
У першай аповесці "Непаўторная вясна" мне спадабалася, як вельмі проста былі апісаны адносіны маладых людзей і іх станаўленне ў якасці маладой інтэлігенцыі першага пакалення. Шчырае каханне, маладая запальчывасць, рэўнасць, сорам перад людзьмі. А ў выніку шлюб, сям’я, чаканне дзіцяці. Усё вельмі проста і галоўнае самастойна. Адлегласць прымушала пакутваць. Аўтар дужа дакладна і яскрава апісаў пачуцці галоўнага героя Пятра Шапятовіча. Падаецца, што сам праходзіў праз гэта, таму і атрымалася так выразна. Мне вельмі запомніліся думкі галоўнай гераіні Аляксандры Траянавай, калі да яе прыйшла маці настаўніка сватаць свайго сына. Апошняя так хваліла сваю гаспадарку, і карова, і курачкі, і свінні. Але Аляксандра думала : "Ніколі зоў! Я не для гэтага на фельчара вучылася." Мне падаецца, яна таму так заўзята і працавала напрацягу ўсяго твора, бо не хацела мець сваю вялікую гаспадарку. Яшчэ б хацелася адзначыць тую ўвагу, якую аўтар аддаў праблеме разгубленасьці і неінфармаванасці насельніцтва ў першыя тыдні вайны. Людзям працяглы час казалі, як вайна будзе на чужой тэрыторыі. А па факце за тыдзень была ўзята сталіца, а далей ужо і ўся Беларусь. Як усе чакалі вялікага контрнаступу, а замест з’яўляліся Гомельскі, Віцебскі ды Смаленскі напрамкі. Захоплівалася ўсё больш і больш тэрыторыі. Да 1939 году людзей дурылі, што палякі рыхтуюцца нападаць. Але як Польшчу падзялілі, то людзі не без падстаўна пачалі хвалявацца, што прыйдзе і немец на іх зямлю. Аўтар падкрэсліў гэта, калі Пятро і Саша думалі пра шлюб ды двухгадовую службу Пятра ў войску. Як яны хваляваліся, ці не пачнецца вайна падчас ягонага часу ў войску. А калі вайна ўжо пачалася, то агульная разгубленасць апанавала шмат каго. Хтосьці, як Саша з малым дзіцём пайшла за 2 ракі, бо спадзявалася, што нельга будзе ворагу проста так тут прайсці. Але фронт прамчаўся хутка. Краіна аказалася не гатовая да абароны. Хтосьці разносіў чуткі, што немца ўжо пагналі назад, але загадчыца шпіталю, якая ведала нямецкую, па радыё ведала праўду, што вораг ідзе і не думае спыняцца. Падаецца адзінае з таго, што атрымалася ў людзей у гэтыя першыя тыдні - сабрацца і пайсці ў ваенкамат. І тых, хто ў першай хвалі пайшоў - забралі на фронт, які рухаўся на ўсход.
Другая аповесць "Начныя зарніцы" пра акупацыю, жыццё пад ей, падпольную барацьбу мне спадабалася толькі рэзкім паваротам сюжэту, калі Лялькевіч прыйшоў у дом да Сашы пад выглядам мужа Пятра. Вельмі цікава было чытаць, як аўтар інтэграваў гэтага чалавека ў жыццё ў новай сям’і. Але гэтая аповесць падалася мне меньш за ўсё праўдападобнай. Вельмі ідэалізаваны вобраз партызан. Паўсюль узнікаюць адразу свае групоўкі, усе ідуць на супраціў. Партызаны паказаны даволі магутнымі. І зброі шмат маюць, і любы дакумент могуць падрабіць, і аперацыі па падрыву складоў ворага паспяхова ажыццяўляюць. Бачна, што аўтар вельмі дапамагае сваім героям. Быў момант, калі партызаны здолелі незаўважна пракрасціся да дому, але тут аўтар мусіць узгадаў, чаму ж сабакі не брахаюць. Выйсце знайшлося вельмі хутка - усіх сабакаў немцы загадалі прыбіць. Негледзячы на неверагоднасць - усе прыгоды ў гэтай апевесці апісаны вельмі цікава.
Вельмі спадабалася трэцяя аповесць "Агонь і Снег". Бачна, што аўтар паказаў тут шмат чаго з уласнага вопыту. Шамякін пад час вайны служыў у зенітнай артылерыі. Я зусім забыўся, што паўночны напрамак быў таксама вельмі важным падчас вайны, бо Мурманск быў адзіны даступны незамярзаючы порт. Аўтар вельмі дэталёва апісвае гэтую сітуацыю. У аповесці часта падкрэсліваецца непадрыхтаванасць войска ў першыя месяцы вайны. І падчас першага налёту нічога не збілі, і пабеглі хавацца ў акопы, хоць менавіта толькі яны і мусілі бараніць ад авіяналётаў. За час службы статут вывучылі дасканала, а як страляць дык не зусім. Падчас навучання казалі, што ніколі нельга выбіваць снарад шомпалам з пушкі, калі той захрас. Можа рвануць, трэба спецыяльны ключ, каб разабраць і дастаць. Але пад час бою камандзір кажа адваротнае і салдаты выконваюць. Пасля доўгіх налётаў пачынаюць аперацыю па закрыцці неба. Проста б’юць па небу, думаючы, што вораг пабаіцца і не прыляціць. Салдаты губляюць мараль. Галоўны герой шмат чым рызыкуе ў аповесці, абараняючы сваіх сяброў, стоячы на баку праўды. Крыўдна, што ў такіх сітуацыях, яго мала хто падтрымлівае. Усё гэта сканчваецца развітаннем з зенітнай батарэяй, калі эмоцыі ўжо было не стрымаць. Лепшы сябра памёр, і ў ход пайшлі кулакі, каб адпомсціць. Добра, што не штрафным батальёнам скончылася. У гэтай аповесці мне толькі не вельмі спадабаліся думкі і паводзіны Пятра Шапятовіча, калі той здрадзіў жонцы з доктаркай у войску. Вядома, што гісторыя рэальная з жыцця аўтара, але з апісанага вынікае, што гэта яна вінаватая, яна спакусіла, а ён ні пры чым. Галава ў кожнага свая на плячах. Але ж герой у выніку прызнаецца ва ўсім жонцы, кажа праўду, бо інакш нельга. Уразіў яшчэ момант, калі салдаты абмяркоўвалі прасоўванні ворага, чытаючы ці слухаючы зводкі. Некаторыя салдаты з глыбіні Расіі прыходзілі і пыталі ў беларусаў, а дзе гэтыя Коўна і Вільня, што занялі немцы на днях. Шмат для каго гэта было нешта далёкае, недзе там. Канцоўка аповесці зроблена ў лепшым стылі прыгодніцкіх раманаў.
Чацвёртая аповесць "Пошукі Сустрэчы" вельмі уражвае паваротамі сюжэту. Аўтар іх цудоўна апісвае, але цяжка такое ўявіць у жыцці. Зноў непераможныя паспяховыя партызаны, усенародная падтрымка і супраціў. Вельмі было шкада партызана, які працаваў пад прыкрыццём папа ў царкве. Добры вобраз вясковага беларуса. Мужны, шчыры, просты, сяброўскі, самаахвярны. Гэтая ўся гісторыя з папоўствам і апісанне дэталяў мне дужа спадабаліся. Гісторыя з раненым Пятром у шпіталі неверагодная, але так цудоўна і дасканала прапрацавана аўтарам. Больш і не ўзгадаць што пра гэту аповесць - проста цікавы сюжэт.
Апошняя аповесць "Мост" уразіла больш за ўсё. Была ўзнята вельмі нечаканая праблема пра пасляваеннае жыццё. Я думаў, што апошняя аповесць будзе таксама партызанскай, пра вызваленне Беларусі. Але ж не, яна ўжо пра пасляваенны час. Сюжэт просты, больш апісання пра пакуты і лад жыцця пасля вайны. Уражвае татальная галеча. Працаваць няма каму, шмат мужчын не вярнуліся з вайны. Нават коней няма каб араць зямлю, жанчыны самі запрагаюцца. Ураджаі слабыя, трэба балансаваць паміж паесці і заставіць нешта, каб пасадзіць наступным годам. На працягу аповесці думкі герояў часта пра тое, што з мінулага дню ўжо не еў. Як адчуе пах ежы чалавек, дык сліна накоціць, страўнік зажурчыць. Дзеткі млеюць у школе, бо даўно не елі. Нават у сям’і Пятра і Сашы, дзе абодва на дзяржаўным заробку - небагата на стале. Вымушаны хадзіць, то да лесніка за бульбай, то да суседзяў ці знаёмых. Нават наяўнасць грошай не дапамагае - няма чаго купіць. Саша працуе, гэта дапамагае, бо людзі то малака дадуць, то нават кавалак масла ў падзяку доктару. Вельмі рэзанула праблема з лекамі. Фельчарка мусіла браць грошы за лекі і прыносіць у касу, каб новыя набыць. Але ж адкуль у людзей грошы. З-за таго, што лекарка грошы не брала з пацыентаў - ёй заблакавалі крэдыт у аптэцы. З вопраткай таксама напруга. Вельмі запомніўся момант з амерыканскай гуманітарнай дапамогай, у якой аказаўся толькі аднапарны абутак. Мне падаецца гэты момант быў уключаны ў кнігу з прапагандысцкімі мэтамі, каб выставіць амерыканцаў не ў лепшым свеце. Я хутчэй паверу, што на шляху да вескі ўвесь абутак проста расцягалі, чым у тое, што ЗША адправілі нейкае смецце ў якасці дапамогі. Уражвае нянавісць Сашы да ўсіх, хто хоць неяк быў звязаны з немцамі. Нават да тых, хто быў вывезены на прымусовую працу. Я разумею яе катэгарычнасць, бо сама прайшла праз партызанскі супраціў, правал і выкрыццё, была ў кроку ад смерці ды яшчэ і з малым дзіцём на руках. Але ж людзі вельмі розныя і не кожны гатовы прыняць на сябе такую рызыку. Акрамя галечы ў жыцці, не ўсё добра і на службовым напрамку. Зверху патрабуюць пакажчыкаў, а як тыя пакажчыкі дасягнуць без тэхнікі, прыладаў, сямян, жывёльнага фонду - думайце самі. Галоўнае, каб на Вялідзень усе выйшлі працаваць у піку царкоўным традыцыям. А вось каб з розумам вырашыць праблемы людзей - галава ў дзяржавы не даходзіць. Кажуць збірайце торфафекаліі і попел, угнойвайце зямлю ды будзе вам шчасце. Хочацца сказаць адкуль жа ўзяцца торфафекаліям, калі есці няма чаго. Здаецца вайна скончылася, а людзям за ваеннае мінулае спакою не даюць. Каго ў турму, як французскага шпіёна, бо партызаніў у Францыі. Каго за сувязь з немцамі, якой няма падцверджання. Людзей забіраюць і ніхто не заступаецца. Апрыканцы аповесці справа і да партыйшых членаў дабіраецца. НКУС і туды рук�� запускае. Аўтар канешне рашуча б’е па гэтых руках, разбівае ўшчэнт мясцовага міліцыянера, але так было далёка не паўсюль. Баяліся іх на ўсіх узроўнях. І моўчкі глядзелі на тое, што яны рабілі з нявіннымі людзьмі.
Пенталогія "Трывожнае шчасце" стала адным з лепшых твораў, які я прачытаў з беларускай класікі. У некоторых частках твору адчуваецца перабор з гераізмам, партызаншчынай і неверагоднымі абставінамі. Але усё звязана і апісана вельмі арганічна. Сюжэт напружаны і цікавы. Пішучы водгук на кнігу праз месяц пасля чытання разумееш, наколькі шмат момантаў яскрава адбілася ў памяці. На працягу твора аўтар падымае вельмі шмат праблемаў і выразна іх апісвае. Я лічу гэты твор дыяментам беларускай літаратуры.